Топ-5 экспанатаў музея традыцыйнай культуры

Калейдоскоп
У музеі на вуліцы Гагарына, які размяшчаецца ў будынку былога млына, сабраны экспанаты, што адлюстроўваюць традыцыі і рамёствы нашага краю. Разам з метадыстам Ларысай Дарафейчык мы даведаліся пра найбольш цікавыя рэчы ўстановы.
БЕРАСЦЯНІК

 

Сасуд, што захоўваецца ў музеі, называецца берасцянік. Гэта гліняны гаршчок, аплецены бяростай па воску. Так рабілі, калі з цягам часу на посудзе з’яўляліся сколы, і, каб ён дольш служыў, апляталі яго. Акрамя таго, пасля гэтага гаршчок выкарыстоўвалі яшчэ і як тэрмас: ён даўжэй захоўваў цяпло. Музейны берасцянік быў зроблены ў 20 – 40-х гадах мінулага стагоддзя.

САЛАМЯНЫ ЗУБР

Саломапляценне — адно з традыцыйных рамёстваў Браслаўшчыны. На нашай зямлі ёсць нямала выдатных майстроў гэтай справы. Дадзены саламяны зубр аўтарства Міхаіла Чэркаса перададзены ў дар музею, як і некаторыя іншыя вырабы мужчыны. Зубр выглядае вельмі ўражальна, у прыватнасці, экспанат важыць 5 – 6 кілаграмаў.

БРАСЛАЎСКАЯ КАФЛЯ

Некалі ў Заборных Гумнах выраблялі кафлю, ёй браслаўчане абкладалі печы і выкарыстоўвалі ў хатнім інтэр’еры. У музеі ў ганчарнай майстэрні захоўваецца сапраўдная плітка, якую атрымалася набыць падчас разбору пячнога ацяплення ў адным з гарадскіх дамоў. Рабілася кафля з гліны, а пакрывалася свінцовай палівай. Гэта надавала ёй бліскучы выгляд. І цяпер, праз дзесяцігоддзі, яна знаходзіцца ў выдатным стане.

СУМКА З СІТЫ

На Браслаўшчыне захавалася яшчэ адно ўнікальнае старажытнае майстэрства пляцення з прыроднага матэрыялу — сіты. Плялі рыбацкія сеткі, капелюшы, абутак, посуд і жаночыя аксесуары — сумкі. Адна з іх была знойдзена падчас этнаграфічнай экспедыцыі. Зроблена сумка прыкладна ў першай палове мінулага стагоддзя і цяпер знаходзіцца ў экспазіцыі, а побач — яе варыянт, сплецены сучаснымі майстрамі.

ШЛЮБНЫ ВЭЛЮМ

На трэцім паверсе музея захоўваецца куфар з пасагам, разыначкай якога з’яўляецца сапраўдны вэлюм 30-х гадоў. У такім выходзілі замуж нашы зямлячкі ў мінулым стагоддзі. Упрыгожвае яго рэканструяваны мясцовымі майстрамі вяночак з кветак. Увогуле і сам куфар, у якім сабраны рэчы нявесты, цікавы экспанат. Яго ў свой час прывезлі з вёскі Урбаны, і ён некалі выкарыстоўваўся ў якасці пасагу. ■

Алена НАБЕЕВА