У Браслаўскім раёне працягваецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Калі весці гаворку пра добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў, то ў першую чаргу трэба адзначыць пераўтварэнні ў Відзах, якія працягваюцца і сёння. Пасёлак набывае не проста прывабны выгляд, ён становіцца больш зручным і сучасным.

Візітнай карткай Відзаў з’яўляецца адзін з самых высокіх храмаў краіны — касцёл Нараджэння Дзевы Марыі. Перад ім — вялікая плошча, якую ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы, вялізныя туі, падстрыжаныя ў форме спіралі, лаўкі, нават урны для смецця тут зроблены ў выглядзе арт-аб’ектаў. Ужо больш за год радуе мясцовых жыхароў дзіцячая пляцоўка і новыя аўтобусныя прыпынкі. Заасфальтаваныя нядаўна дарогі, прычым не толькі цэнтральныя, а і прылягаючыя да іх вуліцы, робяць паездку па Відзах больш камфортнай. Абнавілі свой знешні выгляд і ўнутранае напаўненне будынкі школы, КБА, дзіцячых садкоў і каледжа.

Геральдыка — асобная тэма. Герб пасёлка з’явіўся ў мінулым годзе на ўездзе. Цяпер такая ж пчолка ўпрыгожвае і другі ўезд у населены пункт.

Аналагічныя канструкцыі з’явіліся ў Опсе і Друі. Дарэчы, Опса заўсёды вызначалася парадкам і цяпер можа супернічаць з любым аграгарадком на найлепшае аздабленне. Упрыгожваюць населены пункт клумбы з мноствам кветак, акуратныя будынкі, аўтобусныя павільёны, вакол чысціня і парадак. Ёсць тут і інфармацыйны стэнд, які расказвае пра гісторыю аграгарадка. Мост з рэшткамі вузкакалейкі і паравоз таксама нагадваюць сучаснікам пра багатае гістарычнае мінулае Опсы.

У Слабодцы навялі парадак ля касцёла, пафарбавалі помнік Еўфрасінні Полацкай. У многіх вёсках усталявалі прыгожыя альтанкі для людзей, якія чакаюць прыезду аўталаўкі, побач паклалі новы асфальт. Дарэчы, асфальтавання ўжо даўно патрабавала дарога да Друі і ў гэтым годзе новае пакрыццё дойдзе да аграгарадка.

Напэўна, ніколі не спыняецца працэс добраўпарадкавання ў Ахрэмаўцах. Месца, дзе калісьці было балота, стала любімым для многіх ахрэмаўчан: пляцоўка з агароджанай сажалкай, дэкаратыўным млынам, клумбай, зонай свабоднай бібліятэкі, дзіцячай пляцоўкай і дубам, па якім «гуляе кот вучоны». Многія мясцовыя жыхары прыклалі да добраўпарадкавання гэтай зоны свае рукі. Рамонту патрабавала і пляцоўка ў парку «Бяльмонт». Зноў-такі разам з насельніцтвам улада надала ёй другое дыханне. Цяпер гэта месца для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў таксама ўпадабанае ахрэмаўчанамі.

Па выніках мінулага года Ахрэмавецкі сельвыканкам стаў лепшым у раёне па навядзенні парадку на зямлі. І нездарма. Тут шмат зроблена па ўладкаванні прыдарожных тэрыторый.

Такім чынам, толькі па некалькіх прыкладах бачна, што добраўпарадкаванне закранула не толькі раённы цэнтр: актыўна яно ідзе і ў сельскіх населеных пунктах. Застаецца толькі нагадаць усім жыхарам раёна простую ісціну: чысціня і парадак залежаць ад нас саміх. ■