Новае аблічча набылі зоны адпачынку ў Браславе

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
За мінулы год у Браславе ўвасобілі ў жыццё мноства цікавых архітэктурных рашэнняў, дзякуючы якім наш горад стаў больш камфортным і прывабным як для мясцовых жыхароў, так і для шматлікіх гасцей. У значнай ступені гэта датычыцца грамадскіх зон адпачынку.

Карэнным чынам змяніла сваё аблічча набярэжная возера Дрывяты: замест пустэчы тут з’явілася добраўпарадкаваная тэрыторыя, якая ўжо паспела стаць прадметам гордасці гараджан і захаплення з боку турыстаў. Пешаходныя дарожкі, сучасны скейт-парк, пірс, плывучы фантан, раздзявальні, навесы, паркоўкі для аўтамабіляў, санітарныя зоны з біятуалетамі, агароджа і ліхтары асвятлення — на ўскрайку горада цяпер раскінулася зручная зона адпачынку. Тут можна спакойна бавіць час, любуючыся прыгожымі артаб’ектамі і маляўнічымі краявідамі, або займацца актыўнымі відамі спорту. Уражваюць як змены ў абліччы набярэжнай, так і ўкладзеныя ў яе сродкі: аб’ём інвестыцый склаў 2,4 млн рублёў.

Папрыгажэў пасля добраўпарадкавання і парк па вуліцы Булойчыка. На ўваходзе да помніка воінам-вызваліцелям прыцягвае ўвагу велічная арка, у паркавай зоне алея цешыць вочы стылізаванай пад даўніну пліткай, стыльнымі ліхтарамі і ўтульнымі лавачкамі.

Вабіць да сябе пешаходная вуліца Стадыённая — арыгінальнымі архітэктурнымі формамі, рознакаляровымі кветнікамі і незвычайным дарожным пакрыццём, на якім можна гуляць у шахматы або класікі.

Змены не абмінулі лесапаркавую зону «Леснічоўка»: тут узведзена сучасная разборная сцэна, акуратныя лавачкі, пад нагамі — рознакаляровая плітка. Абноўленая дзіцячая пляцоўка ды паркоўка для веласіпедыстаў павялічылі прывабнасць звыклага для браслаўчан месца адпачынку. Непадалёку ад яе, паміж вуліцамі Савецкай і Пясчанай, з’явіўся яшчэ адзін унікальны аб’- ект — парк камянёў, дзе можна, седзячы на лавачках, назіраць, як на валунах «цвітуць» металічныя кветкі.

Аматары здаровага ладу жыцця цяпер маюць усе ўмовы для заняткаў спортам: на рамонт гарадскога стадыёна затрачана больш за 450 тыс. руб. Абнаўленне закранула і ДЮСШ. Акрамя таго, пакараць спартыўныя вяршыні можна і на сучасных вулічных пляцоўках з адмысловым абсталяваннем.

Гарадское асяроддзе пабагацела таксама на дзіцячыя пляцоўкі ў дварах шматпавярховак. Прыемна, што браслаўчане не засталіся ў баку ад добраўпарадкавання і актыўна дапамагалі камунальнікам. ■