У Браслаўскім раёне працягваецца пасяўная. У кампанію ўключыліся ўсе гаспадаркі

Деньги
Здымак: Канстанцін Бурэль штогод распачынае пасяўную ў КУСП «Браслаўскі». Зімой ён старанна працаваў, каб выдатна наладзіць свой МТЗ-3522 і сеялку, бо не церпіць прастояў у працы. Кожны дзень К. Бурэль засявае па 30 – 40 гектараў.
Пасяўная на Браслаўшчыне набірае абароты. Нарэшце ў кампанію ўключыліся ўсе гаспадаркі. На раніцу ўчарашняга дня ў раёне засеялі 2 219 гектараў, што складае 16,8 % ад агульнага плана.

У КУСП «Браслаўскі» за працу ўзяліся з імпэтам. Тут кожны дзень 2 агрэгаты рыхтуюць глебу пад вясеннюю сяўбу, працуюць 3 сеялкі. На раніцу аўторка ў гаспадарцы падрыхтавалі 259 га глебы і засеялі 244 га, або 27,1 % ад запланаванага кліна яравых культур.

У адміністрацыі сельгаспрадпрыемства расказалі, што пачалі пасяўную кампанію з аўса, якім патрэбна засеяць 240 га. Потым аграрыі прымуцца за рапс (яго клін у гэтым годзе складзе 200 га), яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры зоймуць плошчу 700 га, яшчэ 500 га засеюць кукурузай, з якой 300 га плануюць увосень сабраць на зерне. Работа наладжана з 7.00 да 21.00. Гарачыя абеды механізатарам прывозяць на поле.

Аграрыі працуюць шпарка, імкнуцца хутчэй закончыць сяўбу, бо выходзяць тэрміны ды імгненна сохне зямля. Кіраўніцтва гаспадаркі ўпэўнена, што трэба паспяшацца, пакуль глеба насычана вільгаццю, і арыентуе механізатараў на хуткія тэмпы сяўбы, але без зніжэння якасці. Стаўку ў гаспадарцы робяць на азімыя, якія, дарэчы, няблага перазімавалі. Спадзяюцца аграрыі і на літасць з боку надвор’я, каб сабраць добры ўраджай.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.