Школьнікі са Слабодкі зноў сустрэліся з госцем з Францыі

Новости
У Слабодкаўскай ЯССШ падабраліся надзвычай творчыя і рознабаковыя навучэнцы і педагогі. Яны і са школьнай праграмай спраўляюцца, і да працы здатныя (нават фітачай вырабляюць), і што такое дружба, добра ведаюць. Гэта пацвердзіла чарговая сустрэча з даўнімі сябрамі ўстановы — французам Нарбэрам Касэнам і яго жонкай Вольгай.

Па словах настаўніцы французскай мовы Святланы Ракіцкай, мерапрыемствы з іх удзелам у школе ўжо сталі традыцыйнымі. Напрыклад, сёлетняе адбылося сёмы раз. І заўсёды сустрэчы атрымліваюцца цікавымі і пазнавальнымі, штогод для абмеркавання выбіраюцца новыя тэмы. Так, у мінулыя гады параўноўвалі французскую і беларускую кухні, традыцыі, спорт, моду і г. д. Цяпер жа ў цэнтры ўвагі былі вандроўкі. Навучэнцы 7—11 класаў загадзя падрыхтавалі праекты па тэме «Падарожжа маёй мары», чым прыемна здзівілі гасцей. Тыя ж у сваю чаргу змаглі ўразіць гаспадароў аповедам: спадар Касэн, аказваецца, наведаў больш за 90 краін. Вучні задавалі шмат пытанняў пра яго падарожжы і ўважліва слухалі вычарпальныя адказы.

Падчас сустрэчы знайшлася хвілінка і для музычнай тэмы: прысутныя спявалі, асабліва ж усім спадабалася песня «Мільён пунсовых руж» на французскай мове. Вучні даведаліся гісторыю паходжання гэтай песні (яна з’явілася яшчэ ў 30-я гады на Захадзе).

Навучэнцаў прыемна здзівіла жонка Нарбэра Вольга, якая сваімі рукамі зрабіла для іх невялікія падарункі — амулеты з гліны, вырабы з воўны і іншыя прыемныя дробязі.

Такія штогадовыя сустрэчы вельмі карысныя для дзяцей: размаўляючы з носьбітамі мовы, яны атрымліваюць добры вопыт. Гэта спатрэбіцца ім у далейшым жыцці, бо без замежнай мовы ў сучасным свеце цяпер не абысціся.■

 

Жанна БЯЛЬКО.