Перапісчыкі апрошваюць рэспандэнтаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях

Новости
Перапісная кампанія падышла да свайго экватара. Апраўдаў сябе самы сучасны і дагэтуль невыкарыстоўваемы метад — з дапамогай Інтэрнету: анлайн-анкеты ўжо запоўнілі сотні тысяч беларусаў, і на гэта яшчэ ёсць некалькі дзён. Перапісчыкі ж пойдуць у народ толькі з 21 кастрычніка, але і цяпер яны не сядзяць без справы, а працуюць на мабільных участках на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Карыстаюцца такой магчымасцю і браслаўчане.

Сапраўды, да вызначанай даты, калі перапісчыкі павінны пачаць абход па дамах, яшчэ 5 дзён. Аднак па факце іх работа пачалася са стартам перапісу і адкрыццём стацыянарных участкаў, а крыху пазней — і мабільных. Невялікімі групамі, па 2-3 чалавекі, перапісчыкі апрошваюць рэспандэнтаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, загадзя дамовіўшыся пра месца і зручны час.

Арганізаваны мабільны ўчастак і для пенсіянераў, якім у большасці патрэбна дапамога перапісчыка.

Раніцай у мінулую сераду ў фае каля кабінета страшыні савета ветэранаў — нават чарга. Людзі старэйшага пакалення адчуваюць грамадзянскі абавязак, таму ўдзельнічаюць ва ўсіх важных рэспубліканскіх кампаніях актыўна і ў першых радах. Пытанні не выклікаюць цяжкасцей, а калі ёсць непаразуменні, то перапісчык удакладняе і дапамагае правільна сарыентавацца. Дзе нарадзіліся, жывяце ў кватэры ці доме, якое ацяпленне, каналізацыя, газіфікацыя, сродкі для існавання… Працэс апытання ідзе аператыўна і непрымусова. Большасць людзей здзіўляецца, што так хутка адказалі на 49 пытанняў. Справа ж у тым, што сістэма пабудавана па прынцыпе дапаўненняў. І калі рэспандэнт пастаянна жыве ў Беларусі, сам сабе домагаспадарка, а ва ўласнасці не мае зямельнага ўчастка, то колькасць пытанняў аўтаматычна скарачаецца прыкладна напалову і на запаўненне анкеты ідзе каля 5 хвілін.

Пытаюся ў перапісчыка, як людзі рэагуюць на перапісную кампанію.

— Браслаўчане перапісваюцца актыўна. Не палохаюцца, рэагуюць адэкватна, разумеючы, для чаго патрэбны тыя ці іншыя даныя. Калі і бываюць пытанні, то яны вельмі хутка здымаюцца. З дапамогай планшэтаў праводзіць апытанне значна прасцей, ды і людзі адносяцца з большым даверам да электроннага перапісу.

Пенсіянеры, якія сабраліся на гэтым мабільным участку, у адзін голас адказалі, што перапіс — справа патрэбная для дзяржавы, яны ведаюць пра ўсе тры спосабы, але для сябе выбралі менавіта такі — мабільны, каб не турбаваць дзяцей і ўнукаў, а таксама аблегчыць потым работу перапісчыкам. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.