Як аматарскія аб’яднанні ўносяць свой уклад у развіццё культуры Браслаўшчыны

Отдых
У цікавай прафесіі культработніка ёсць шмат напрамкаў. Адзін з іх — умець аб’ядноўваць людзей, вучыць іх раскрываць свае творчыя здольнасці і разам захоўваць здабыткі нацыянальнай культуры, перадаючы іх сучасным пакаленням.

У Богінскім сельскім клубе яшчэ з 2004 года існуе аматарскае аб’яднанне «Богінскія весялушкі». У яго ўваходзяць жанчыны, якія добра ведаюць мясцовую кухню. Яны неаднаразова выстаўлялі свае адмысловыя стравы на розных мерапрыемствах, выязджалі з богінскімі прысмакамі на фестывалі, у прыватнасці, удзельнічалі ў «Славянскім базары ў Віцебску». Па словах кіраўніка клуба Ірыны Ванага, у запісных кніжках гаспадынь захоўваецца шмат рэцэптаў розных страў, а жанчыны могуць лёгка прыгатаваць прысмакі да любога свята. Найбольш удаюцца ім клёцкі з душамі, таўчонікі, гарбузянка, хрусты з бульбы і, вядома ж, яблычныя пірагі. «Богінскія весялушкі» (а з нядаўняга часу «Богінскія спрытнянкі») неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі за ўдзел у раённых аглядах-конкурсах, фестывалі «Браслаўскія зарніцы». У бліжэйшых планах — паўдзельнічаць у абласным свяце нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі».

Кулінарную тэму малой радзімы падтрымліваюць і ў Плюсах, дзе сябры аматарскага аб’яднання «Сямейны ачаг» збіраюць разнастайныя мясцовыя рэцэпты, асабліва ўдаюцца стравы з рыбы. Свае смачныя «экспанаты» яны не адзін раз прадстаўлялі на раённых мерапрыемствах, за ўдзел у выставе рыбных страў «Залатая рыбка» ў рамках «Браслаўскіх зарніц» былі ўзнагароджаны дыпломам. Змаглі здзівіць сваім кулінарным мастацтвам і наведвальнікаў браслаўскага падворка падчас фестывалю «Славянскі базар».

З цікавасцю займаюцца мясцовыя жыхары і ў аматарскім аб’яднанні «Сноп захапленняў» Далёкаўскага клуба-бібліятэкі. Яно мае разнапрофільны накірунак і аб’ядноўвае актыўных жыхароў аграгарадка. Тут яны дзеляцца адзін з адным сваімі захапленнямі, рэцэптамі страў, рукадзеллем, развучваюць побытавыя танцы і песні, ставяць сцэнкі і інш. Мясцовыя актывісты таксама ахвотна адгукаюцца на запрашэнні культработнікаў і прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія ладзяцца ва ўстанове культуры і за яе межамі. Хоць існуе «Сноп захапленняў» не такі ўжо і працяглы час, але паспеў сябе зарэкамендаваць. Яго ўдзельнікі ўшаноўвалі перадавікоў жніва, праводзілі прывітальную частку на фестывалі сярэднявечнай культуры«Меч Брачыслава»: прадстаўлялі на свяце калектывы, якія прыехалі да нас выступаць.

Словам, аматарскія аб’яднанні, кожны паасобку і адначасова агульнай талакой, уносяць свой уклад у развіццё культуры Браслаўшчыны. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.