Маладых медыкаў Браслаўскай ЦРБ пасвяцілі ў прафесію

Новости
Па добрай традыцыі ў цэнтральнай бальніцы адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню пажылых людзей і пасвячэнню маладых спецыялістаў у прафесію.

Сёлета калектыў ЦРБ папоўнілі ўрач, памочнік урача, фельчар, зубны тэхнік і медыцынскія сёстры. Усе яны прыйшлі з багажом тэарэтычных ведаў, якія атрымалі ў спецыялізаваных установах адукацыі, а задача іх настаўнікаў — прымножыць і накіраваць гэтыя веды на карысць і патрэбу пацыентаў.

Урач-стаматолаг Кацярына Ляскоўская, якая сама толькі год таму назад пераступіла парог раённай установы аховы здароўя, павіншавала сваіх маладых калег і пажадала ім плённа пачаць працоўны шлях.

З гонарам маладыя спецыялісты далі клятву быць дастойнымі абранай прафесіі і добрасумленна выконваць статут установы.

Шчыра павіншаваў моладзь з пачаткам прафесійнай дзейнасці галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч, пажадаў поспеху і выніковай працы, адказных адносін да сваіх абавязкаў і ўважлівага стаўлення да кожнага пацыента. Не трэба баяцца цяжкасцей, а ў выніку неабходнасці, падкрэсліў А. Макарэвіч, маладыя супрацоўнікі калектыву заўсёды могуць разлічваць на дапамогу старэйшых і больш вопытных калег.

Шчырымі апладысментамі віталі медыкі сваіх ветэранаў, якія прыйшлі на свята. Тым, хто сёлета пайшоў на заслужаны адпачынак, уручылі букеты і падарункі. Ад імя ветэранаў са словамі ўдзячнасці за клопат і ўвагу, а таксама з пажаданнямі поспеху маладым спецыялістам выступіў старшыня ветэранскай арганізацыі ЦРБ Генадзь Швец.

Радавалі ўдзельнікаў свята сваім выступленнем педагогі і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў. З пранікнёнымі словамі да прысутных звярнулася старшыня прафкамітэта ЦРБ Надзея Глінская. Закончылася свята чаяпіццем. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.