Насценныя роспісы і металічны дэкор. Аўтары расказалі, як упрыгожвалі Браслаў

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Рыхтуючыся да абласнога свята працаўнікоў сяла, Браслаў прыгажэў з кожным днём і станавіўся больш камфортным для жыцця не толькі дзякуючы нястомнай працы будаўнікоў Віцебшчыны, паўсядзённым клопатам работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а і творчым здольнасцям асобных нашых землякоў.

НАСЦЕННЫЯ РОСПІСЫ

Некалькі гадоў таму назад мясцовая мастачка Марына Рачынская ажыццявіла ідэю аддзела архітэктуры райвыканкама і распісала тарцы дома № 51 па вул. Садовай па гістарычных малюнках Браслава. Роспіс акрылавымі фарбамі пад лак на фасадзе гімназіі — гэта таксама вынік яе творчых старанняў на падставе эскіза члена Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Шапо, ураджэнца Відзаў.

Такая ідэя аздаблення браслаўскіх будынкаў спадабалася вельмі многім. Таму ніколькі не дзіўна, што цяпер позіркі звычайных прахожых прыцягвае шмат насценных малюнкаў.

Марына Рачынская прама прызнаецца, што па стане здароўя і па іншых прычынах не змагла б у сціслыя тэрміны выканаць сёлета заказ «Браслаў-камунальніка» па роспісе сцен некалькіх шматпавярховых дамоў.

Але, калі прыглядзецца, на браслаўскай зямлі хапае талентаў. Справу, якую калісьці пачала Марына, цяпер прадоўжыў Эдгар Мілашэвіч з Друі, які спецыялізуецца на мастацкіх вырабах з керамікі. Па прызнанні Эдгара, малюнак быў спецпрадметам у каледжы, маляваць ён не любіць, больш вабіць лепка з палімернай гліны. Тым не менш, па эскізах на гістарычную тэматыку горада, якія перадалі яму супрацоўнікі «Браслаў-камунальніка», ён распісаў сцены на чатырох шматкватэрных дамах. Каб нанесці малюнак, напрыклад, на тарцы «бальнічнага» дома, яму давялося два дні «павісець» з палітрай на вышцы.

Марына ж па просьбе сектара спорту і турызму райвыканкама ўпрыгожыла каляровымі фарбамі тыльны бок трыбун на стадыёне. Пры гэтым лініямі і фігурамі спартсменаў падкрэсліла дынаміку, рух, імкненне да фізічнай актыўнасці.

Паважанага ўжо ўзросту, але вельмі жвавая і неабыякавая да ўсяго, што адбываецца ў Браславе, Валянціна Смерачынская таксама родам з Браслаўшчыны. Шмат гадоў яна выкладала сусветную культуру ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, афармляла памяшканні, распрацоўвала фасоны вопраткі. У падарунак для Браслава жанчына прапанавала эскіз аздаблення падпорнай сцяны на аўтастаянцы каля ЦРБ, які нанеслі супрацоўнікі гімназіі. Кветкі, каласы, адлюстраваныя на бетоннай сцяне ў форме ручніка, сімвалізуюць працавітасць беларусаў і іх любоў да нацыянальных традыцый.

Графічныя вобразатворы тэматычнага зместу нанёс на агароджы «Браслаўрыбы» мастак музейнага аб’яднання Валерый Зінкевіч.

Нават асфальт на вул. Стадыённай гарадскія педагогі пад кіраўніцтвам настаўніка СШ № 2 Аляксандра Сіпко распісалі для дзіцячых гульняў.

МЕТАЛІЧНЫ ДЭКОР

А вось вялікай колькасцю вырабаў з металу ўпрыгожыў наш горад чалавек, які па сваёй прафесіі ўвогуле не мае ніякага дачынення да мастацтва, — электрагазазваршчык «Браслаў-камунальніка» Валерый Мілевіч. Арка на ўваходзе да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, глобус, агароджы для маладых дрэўцаў, каваныя ліхтары і вароты перад уездам у двор участка добраўпарадкавання, каркасы аўтобусных павільёнаў, сушылак для бялізны, ліхтароў у парку і каля стадыёна, разборная металічная сцэна, урны, кветкі ў парку камянёў, журавель і лебедзь у натуральную велічыню з кожным вытанчаным пёркам — усяго нават нельга пералічыць, што з густам выканалі сёлета яго майстэрскія рукі.

— Калі, напрыклад, збіраў мадэль зямнога шара, — кажа Валерый, — увесь час трымаў перад сабой глобус, каб не памыліцца, як па паралелях і мерыдыянах правільна размясціць часткі свету. Увогуле ж дзякуючы дапамозе выдатнага слесара Віктара Скур’ята паспяваў выконваць заданні. Кіраўніцтва прадпрыемства таксама было вельмі зацікаўлена ў канчатковым выніку нашай работы. «Браслаў-камунальнік» спецыяльна купіў шматфункцыянальны станок «Майстар-універсал», на якім можна гнуць профільныя трубы, квадратны метал, рабіць розныя мастацкія формы і ўзоры. Ніколі не было затрымкі і з пастаўкай металу.

«Дажынкі – 2019» закончыліся, але яшчэ доўга яны будуць напамінаць пра сябе браслаўчанам адрамантаванымі дамамі і вуліцамі, установамі сацыяльнага прызначэння, мноствам артаб’ектаў, што падарылі гораду працоўныя калектывы, а таксама насценнымі малюнкамі і дэкаратыўнымі прадметамі, выкананымі творчымі людзьмі нашага краю. Важна ўсё гэта захаваць і прымножыць. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.