Навучэнец Відзаўскага каледжа — сярод лідараў абласнога спаборніцтва трактарыстаў

Люди
Выбраць аптымальную глыбіню ўзворвання, умець па-майстэрску манеўрыраваць на трактары і ўкласціся ў вызначаны тэрмін — такая задача стаяла перад удзельнікамі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства па кваліфікацыі «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці», які прайшоў у Аршанскім раёне.

Выдатна прадэманстраваў сваё майстэрства і навучэнец ІІ ступені Відзаўскага каледжа Дзмітрый Кузняцоў. Цяпер хлопец вучыцца ўжо пяты год і хутка атрымае кваліфікацыю тэхніка-механіка. За гэты час ён набыў трывалыя веды і навыкі, якія дапамаглі яму дасягнуць у конкурсе значных вынікаў.

Тры дні спаборніцтвы праходзілі на абшарах сельгаспрадпрыемства «Задняпроўскі», дзе поле было падзелена на аднолькавыя дзялянкі.

— Спачатку нас азнаёмілі з умовамі конкурсу, — кажа Дзмітрый, — правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Пасля абеду, нягледзячы на даволі прахалоднае надвор’е, правялі трэніроўку. У наступны дзень пачаліся спаборніцтвы. Было даволі складана. Але пастараўся супакоіцца і сканцэнтравацца, каб годна паказаць свае навыкі манеўрыравання. Зразумела, дапамагла практыка, якую праходзіў у ААТ «Друйскі».

Майстэрства ўдзельнікаў журы ацэньвала па некалькіх крытэрыях. За кожную памылку налічваліся штрафныя балы. Узараць сваю дзялянку трэба было за 40 мінут, пры гэтым не парушыць прамалінейнасць, вытрымаць глыбіню і захаваць тэхніку бяспекі.

З усімі гэтымі ўмовамі конкурсу Дзмітрый справіўся добра, дзякуючы чаму ён змог заваяваць дыплом ІІ ступені. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.