Як браслаўчане ў Польшчы парусны спорт асвойвалі

Главное Отдых
Вялікая водная прастора возера Дрывяты здаўна прыцягвала да сябе аматараў паруснага спорту. А сёння і ў браслаўскіх школьнікаў ёсць добрая магчымасць прайсціся пад ветразямі па гэтай гладзі. Яхт-школа, якая дзейнічае ўжо некалькі гадоў, мае ў сваім арсенале спецыяльныя лодкі, кацер і іншае абсталяванне. Вось толькі, каб кіраваць гэтымі грацыёзнымі плаўсродкамі, трэба мець пэўныя ўменні і навыкі.

Амаль 10 гадоў гадоў таму назад ураджэнец Браслаўшчыны Уладзіслаў Краўчук, які даўно стаў грамадзянінам Польшчы, спансіраваў першую групу браслаўчан, якія ў польскім горадзе вучыліся кіраваць яхтамі. Сам апантаны яхтсмен, мужчына не шкадуе грошай, каб на браслаўскіх азёрах развіваўся гэты від спорту.

Вось і сёлета група з 26 чалавек, з якіх 8 дарослых і 18 школьнікаў з гімназіі, СШ № 1 і Відзаўскай школы, два тыдні асвойвала прамудрасці паруснага спорту ў горадзе Гіжыцка на Мазурскіх азёрах. Як расказала кіраўнік групы Жанна Ананіч, у дарогу яны выправіліся ад касцёла на камфартабельным аўтобусе. Ксёндз Станіслаў Мжыглуд благаславіў падарожнікаў у добры шлях.

У Польшчы яны размясціліся ў двухпавярховых дамах на базе паруснай школы. У сем гадзін раніцы быў пад’ём, сняданак, пасля чаго пачыналіся тэарэтычныя і практычныя заняткі, якія інструктары праводзілі на польскай мове. З вялікім задавальненнем і імпэтам браслаўчане асвойвалі нюансы кіравання плаўсродкамі: вучыліся правільна вязаць марскія вузлы, разглядалі будову яхт і матораў. Але самым цікавым было навучыцца хадзіць пад ветразямі па азёрнай гладзі. Для гэтага былі прадастаўлены яхты розных памераў: на 12 чалавек, шасці- і трохмесныя. З удзячнасцю ўзгадвае Ж. Ананіч шчырыя адносіны польскіх педагогаў да ўсіх членаў групы. У апошнія дні курса беларусаў чакаў сур’ёзны экзамен, на якім спачатку перад камісіяй выконвалі шматлікія тэставыя заданні, а потым дэманстравалі свае практычныя навыкі кіравання яхтай. Трэба было свабодна выйсці з бухты, правільна манеўрыраваць на возеры і выратаваць умоўнага чалавека з вады. У выніку іспытаў 15 браслаўчан атрымалі міжнародныя правы кіравання яхтамі і шэсць — маторнымі лодкамі. Цікавым і гумарыстычным было і традыцыйнае пасвячэнне ў сям’ю яхтсменаў.

Каб нашы землякі мелі сілы належным чынам прайсці курс навучання, іх добра і смачна кармілі. За два тыдні знаходжання ў паруснай школе, адзначае суразмоўніца, ні адна страва не паўтарылася ў разнастайным меню. Асабліва прыйшлася даспадобы макарона з клубніцамі. Нельга было не заўважыць і значную колькасць інвалідаў-калясачнікаў, якія таксама тут навучаліся. Іх здольнасць стойка пераадольваць жыццёвыя няўзгоды і аптымістычнае жаданне быць нароўне са здаровымі людзьмі на- давала нашым землякам больш упэўненасці ў сваіх сілах.

На развітанне У. Краўчук прэзентаваў нямала кніг па парусным спорце, а таксама выказаў спадзяванне, што ў хуткай будучыні да гэтага захапляльнага занятку далучыцца яшчэ больш браслаўчан. ■

Алена ПЯТУШКА.