Кваліфікацыйная катэгорыя «настаўнік-метадыст» прысвоена педагогу Браслаўскай гімназіі

Люди
Вядомы педагог Канстанцін Ушынскі сказаў, што настаўнік жыве да таго часу, пакуль вучыцца. І з гэтым нельга паспрачацца, бо высокага педагагічнага майстэрства можна дасягнуць толькі пры пастаяннай самаадукацыі, дасканалым валоданні прыёмамі навучання і выхавання вучняў, перадачы вопыту сваёй работы. Адна ж з вышэйшых адзнак прафесіяналізму педагога — прысваенне яму кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст».

Да сённяшняга часу такога ўзроўню майстэрства ў нашым раёне дасягнуў толькі настаўнік матэматыкі гімназіі Дзмітрый Мацкевіч. А нядаўна гэтую высокую кваліфікацыю атрымала і настаўніца замежнай мовы той жа ўстановы адукацыі Мая Дароніна.

Трэба адзначыць, што здаць гэты прафесійны экзамен даволі складана. Педагог павінен на высокім узроўні праводзіць урокі, мець свае цікавыя практычныя напрацоўкі, разам з вучнямі ўкараняць разнастайныя інавацыі па сваім прадмеце, мець друкаваныя выданні і перадаваць свой вопыт іншым.

— Зразумела, — кажа педагог, — гэта ганаровая адзнака тваёй работы, але адначасова і вялікая адказнасць, бо ў першую чаргу настаўнік-метадыст садзейнічае прафесійнаму росту сваіх калег. А каб вучыць іншых, трэба самому ўвесь час быць у пошуку новых методык, тэхналогій і інавацый.

Педагагічнае партфоліа М. Даронінай важкае і разнастайнае. За гады педагагічнай дзейнасці яна падрыхтавала нямала пераможцаў алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый раённага і абласнога ўзроўняў. Настаўніца з’яўляецца каардынатарам шматлікіх міжнародных праектаў. Дзякуючы яе намаганням вучні гімназіі маюць магчымасць мець зносіны з замежнымі сябрамі не толькі завочна, але і наведваць іх, а таксама сустракаць дэлегацыі гасцей у сваёй установе. Як член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў замежнай мовы М. Дароніна прымае актыўны ўдзел у рабоце рэспубліканскіх і міжнародных семінараў.

Галоўнае ж, бадай, тое, што дзейны і крэатыўны педагог усе свае веды, ідэі і невычарпальную энергію з радасцю перадае вучням. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.