«Браслаўская звязда»: успамінаем разам з былой супрацоўніцай часы, калі ў рэдакцыі была свая тыпаграфія

Год малой родины
Камп’ютарызацыя і новыя тэхналогіі значна спрасцілі работу і быт людзей. Не абышоў гэты працэс і стварэнне газеты. Але, думаю, сёння мала ўжо хто з сучасных маладых журналістаў ды і чытачоў наогул уяўляе сабе, як раней друкаваліся і выходзілі ў свет старонкі шматгадовых любімых выданняў. Лінатып, гарт, гранкі і г. д. — для нас незразумелыя паняцці і невядомая гісторыя, а вось для Крысціны Станіславаўны Цярэнцьевай з гэтымі словамі звязаны 21 год жыцця.

Менавіта столькі адпрацавала К. Цярэнцьева ў рэдакцыі – тыпаграфіі на карысць раённага выдання. А калі ўлічыць, што была жонкай рэдактара «Браслаўскай звязды», то і таго больш.

Першае ж знаёмства з газетай адбылося яшчэ падчас працы паштальёнам. Тады, успамінае Крысціна Станіславаўна, тыраж раёнкі быў значна большым і, каб разнесці яе па адрасах браслаўчан, трэба было затраціць не адну гадзіну. У гэтую ж пару яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Нікіфарам Ільічом, які пазней узначаліць калектыў рэдакцыі.

— Пасля дэкрэтнага водпуску я ўладкавалася ў яслі, — узгадвае К. Цярэнцьева былыя гады. — Аднойчы муж, які ўжо працаваў у газеце, перадае мне словы сваёй супрацоўніцы, маўляў, прывядзі сваю Крысціну ў тыпаграфію наборшчыцай, а раптам яна нам падыдзе. У тыя гады раёнка выходзіла тры разы на тыдзень і адных рук, каб набраць газету, не хапала. Я ўсур’ёз не ўспрыняла, аднак у загадчыцы спытала, ці можна дзень-другі паспытаць іншага хлеба. Тая катэгарычна адказала: «Калі пойдзеш, дык і ідзі». Пасля такіх слоў адступаць было некуды. Як я пабачыла ў тыпаграфіі ўсе гэтыя пункты, квадраты, спужалася, але падумала: ну людзі ж працуюць, а я што, дурнейшая? Так і засталася. Спачатку шэсць месяцаў вучылася: рабіла бланкі, а затым пачала працаваць на лінатыпах і стала паўнацэннай наборшчыцай ручнога набору.

І цяпер, праз гады, Крысціна Станіславаўна ўспамінае, што работа ў тыпаграфіі была не з лёгкіх. Тады літаральна ўручную збіралі спачатку газетныя артыкулы, а потым цэлыя старонкі.

— Наша работа па наборы пачыналася з таго, што адказны сакратар прыносіў макет газеты і матэрыялы на лінатып, — расказвае К. Цярэнцьева. — Гэтая тыпаграфская машына адлівала з гарту — сплаву свінцу, волава і сурмы — радкі, якія трэба было скласці на вярстальным стале ў гранкі (стаўбцы), а гранкі — у калонкі. З асобных металічных літар уручную набірала загалоўкі, падбірала патрэбныя па памеры лінейкі і прабелы. Так артыкул за артыкулам атрымлівалася газетная паласа. Пасля вёрсткі старонка адпраўлялася на праўку: кожны радок з памылкай трэба было выправіць і паставіць на сваё месца, праверыць тэкст у люстэркавым адбітку, падагнаць усе лінейкі і зноў адправіць рэдактару на дазвол да друку. Мне яшчэ трэба было набраць уручную не па радках, а па літарах віншаванні і прывітальныя адрасы. Дапамагала скрупулёзнасць і ўважлівасць. Мой першы настаўнік у тыпаграфскай справе Віктар Сівіцкі любіў паўтараць: «Крысціна, я такі шчаслівы, што ты да нас прыйшла». І я таксама атрымлівала задавальненне. Хоць, канечне, гэта быў сур’- ёзны тэхналагічны працэс, шкодная і цяжкая фізічная праца, нават не зусім жаночая. Металічная гранка важыла кілаграмаў трыццаць, а за дзень яе даводзілася перасоўваць, можа, разоў сто. Тады тыпаграфія знаходзілася ў краязнаўчым музеі, і гэтыя канструкцыі трэба было апускаць па стромкай лесвіцы. Пазней адзін з супрацоўнікаў нават змайстраваў нешта накшталт пад’ёмніка. Як жа мы радаваліся, калі ўжо ў новым будынку (сучасная рэдакцыя) быў ліфт — сувязное звяно паміж вярстальшчыкамі і друкарскім цэхам. Так, працаваць было нялёгка, аднак, калі ўсё ўсталявалася, было цікава. Здаралася, што вёрстка газеты зацягвалася да ночы, бо прыходзілася чакаць тэрміновых паведамленняў БелТА пра пленумы ЦК КПСС. Як толькі адзін нумар быў падпісаны да друку, пачыналася праца над наступным. І так дзень за днём. Калектыў жа ў нас быў вельмі дружны, разам спраўлялі святы, разам былі і ў бядзе.

Ужо напачатку 90-х гадоў тыпаграфія аддзялілася ад рэдакцыі і ў хуткім часе закрылася. Крысціна ж Станіславаўна і на заслужаны адпачынак выйшла наборшчыцай ручнога набору, але і цяпер ніколькі не шкадуе, што прысвяціла такой прафесіі сваё жыццё. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.