У Капыльскім раёне Мінскай вобласці 1 красавіка адбыўся няшчасны выпадак у выніку паражэння 22-гадовага хлопца электрычным токам.
Устаноўлена, што два хлопцы з аграгарадка Цімкавічы прыехалі на ўласным аўтамабілі ў суседнюю вёску Гулевічы. Прыкладна ў 500 метрах ад высакавольтнай лініі электраперадачы яны пакінулі машыну і мабільныя тэлефоны.
Калі маладыя людзі падышлі да апоры паветранай лініі напружаннем 10 000 вольт, адзін з іх па падкосе вуглавой апоры падняўся да правадоў, дзе яго і ўдарыла электратокам.
Таварыш выклікаў «скорую», але медыкі толькі канстатавалі смерць пацярпелага. Цяпер следчыя высвятляюць, навошта маладыя людзі прыехалі да паветранай лініі і што яны там рабілі.
Браслаўская раённая энергаінспекцыя нагадвае, што ў мэтах бяспекі забаронена:
— узбірацца на апоры паветранай лініі электраперадачы;
— запускаць паветраных змеяў паблізу правадоў лініі;
— разбіваць ізалятары на апорах ЛЭП, лавіць паблізу лініі рыбу, накідваць на правады пабочныя прадметы;
— падыходзіць бліжэй за 8 метраў да правіслых ці абарваных правадоў;
— адчыняць размеркавальныя шчыткі, сілавыя шафы;
— самастойна рамантаваць электраправодку і электрапрыборы, дакранацца да іх мокрымі рукамі;
— выцягваць за провад вілку з разеткі.
Памятайце: дакрананне да аголеных ці абарваных правадоў — смяротная небяспека, а высокае напружанне паражае нават на адлегласці. Не рызыкуйце падчас неабдуманых дзеянняў! ■
Сяргей ШАКУР, начальнік РЭІ.
Руслан ЛАПКО, начальнік РЭС.