Раздрабняльнік пнёў папоўніў тэхнічны парк браслаўскіх камунальнікаў

Строительство. ЖКХ. Благоустройство

У выніку санітарных рубак дрэў, пашкоджаных вяршынным караедам, пачынаючы з мінулай восені, у розных месцах горада было спілавана каля 200 нездаровых ствалоў. Каб не пакідаць ачышчаныя ад ссохлай драўніны тэрыторыі ў не вельмі прывабных пяньках, дырэкцыя КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» вырашыла купіць механізаваны раздрабляльнік пнёў.

Па словах дырэктара прадпрыемства Пятра Белуся, сродкі, затрачаныя на набыццё агрэгата, апраўдваюць сябе. Аснашчаны разразным дыскам з пабядзітавымі разакамі, ён за дзень раздрабняе ў апілкі каля 20 пнёў, пакідае пасля сябе роўнае месца, не пашкоджваючы натуральнае асяроддзе. Выкарчоўваць жа пні больш складана і стратна, менш экалагічна.

Дарэчы, жыллёва-камунальнае прадпрыемства можа аказваць паслугі па раздрабненні пнёў па заяўцы насельніцтва і арганізацый. Кошт іх без транспартных расходаў для грамадзян складае ад 15 да 20 рублёў у залежнасці ад дыяметра пня, для арганізацый — у адпаведнасці з калькуляцыяй.

Тэлефон для даведак — 60-4-28 (дыспетчарская служба). ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.