Аграном Міхаіл Папакуль 45 гадоў працуе на ніве сельскай гаспадаркі

Люди
Сёння сярод галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў раёна ўжо не засталося «аксакалаў» з такім стажам работы, як у Міхаіла Папакуля з ААТ «Агравідзы». І нягледзячы на тое, што цяпер ён займае пасаду агранома па насенняводстве, як і ў папярэднія гады, уся раслінаводчая галіна гаспадаркі ўстойліва трымаецца менавіта дзякуючы яго ведам, вопыту, энтузіязму і любові да зямлі.

Выхаваны ў працавітай сялянскай сям’і, з маленства спазнаўшы нялёгкую долю хлебароба, ён свядома акрэсліў свой шлях у жыцці і вось ужо 45 гадоў усяго сябе аддае выбранай раз і назаўсёды прафесіі. Першай яго прыступкай у разуменні ўсіх тонкасцей земляробчай навукі стаў Лужаснянскі сельгастэхнікум, які будучы аграном закончыў з чырвоным дыпломам. Па размеркаванні прыехаў рэалізоўваць на практыцы набытыя веды ў тагачасны саўгас «Камуніст», дзе яго прызначылі брыгадзірам палявой брыгады. Пра свой першы рабочы дзень Міхаіл Іосіфавіч і цяпер успамінае з усмешкай:

— Было гэта якраз першага красавіка. Прыйшоў на работу, падышоў да брыгады, а на мяне ніхто ўвагу нават не звяртае, ніхто ніякіх заданняў на дзень не дае. Крыху разгубіўся нават. Толькі калі сустрэў калегу, брыгадзіра з другога аддзялення, той патлумачыў, што мне даўно пара быць ля буртоў, дзе жанчыны бульбу перабіраюць. Але і на месцы іншага занятку не знайшоў, як нараўне з усімі ўключыцца ў сартаванне клубняў. Нас жа вучылі асновам аграноміі, а не кіраванню людзьмі.

Праўда, праз непрацяглы час малады спецыяліст асвоіўся з усімі тонкасцямі пасады, стаў смялей адстойваць сваю пазіцыю па той ці іншай праблеме, таму ўжо праз год узначаліў агранамічную службу саўгаса.

Трэба сказаць, што сваёй прынцыповасці ў падыходах да раслінаводства М. Папакуль не страціў і праз гады. Вось і падчас нашай нядаўняй размовы дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Залатуха ў першую чаргу адзначыў менавіта гэтую рысу характару Міхаіла Іосіфавіча. Таму пры вырашэнні спрэчных пытанняў, бывае, вымушаны саступаць аграному, бо загадзя здагадваецца, што спецыяліст мае рацыю. Аднак гэта ніколькі не перашкаджае ўзаемаразуменню.

Сваімі лепшымі гадамі працы на пасадзе галоўнага агранома М. Папакуль лічыць перыяд, калі раслінаводчую галіну раёна ўзначальваў цяперашні старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат.

— Творчыя былі гады, — з задавальненнем успамінае ветэран вытворчасці. — Алег Віктаравіч перад сабой і намі ставіў задачу не толькі забяспечыць гаспадаркі ўласным насеннем траў, а і прадаваць яго. Пры гэтым мы ўзяліся адрадзіць на сенакосах і пашы люцэрну. А паколькі насення ў продажы не было, усе разам ездзілі па закінутых палетках, дзе культура захоўвалася амаль адзічалая, уручную збіралі яго і ў нашай гаспадарцы заклалі першую насенную плантацыю. Да таго ж кіраўніцтва заўсёды прыслухоўвалася да думак аграномаў, падтрымлівала ініцыятыву. Менавіта ў тыя гады мы дабіваліся найбольш важкіх ураджаяў збожжавых і іншых культур. Нягледзячы на свой ужо сталы ўзрост, цяжкасці, з якімі сутыкнуліся хлебаробы, Міхаіл Іосіфавіч па-ранейшаму застаецца аптымістычна настроеным да будучыні сельгасвытворчасці. Вось і на нядаўнім сходзе працаўнікоў гаспадаркі, на якім, дарэчы, ветэрана віншавалі з 45-гадовым стажам работы, на скаргі механізатараў наконт цяжкасцей М. Папакуль казаў так:

— Хлопцы, не трэба плакаць пра жыццёвыя цяжкасці, у якія мы трапілі. Было і значна горш. Памятаю, з вашымі бацькамі вясной грузілі на вазы салетру і ўручную падкормлівалі азімыя і сенакосы. А выйдзе са строю рухавік трактара — вечарам збіраліся дружным кагалам, вымалі яго без усялякіх пад’- ёмных механізмаў, ставілі на кол, рамантавалі, і раніцай тэхніка ўжо выходзіла на палеткі. Вы ведаеце, што праца на зямлі ніколі лёгкай не была, таму калі ўзялі на сябе смеласць звацца хлебаробамі, то і нясіце гэта званне з гонарам.

Такі вось ён, «аксакал» аграноміі Міхаіл Папакуль. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.