«На завяршэнне мантажу спатрэбіцца 30-35 дзён». Жыхароў просяць пацярпець нязручнасці з-за будаўніцтва дома

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
У адпаведнасці з планам жыллёвага будаўніцтва сёлета на Браслаўшчыне трэба ўвесці ў эксплуатацыю 10 500 м2 жылля. У гэту лічбу ўваходзіць і 60-кватэрны дом долевага будаўніцтва па вуліцы Кастрычніка агульнай плошчай 3 400 м2 .

Узводзяць пяціпавярховы панэльны дом будаўнікі з наваполацкага трэста № 16. Згодна з графікам работ павінны здаць яго ў эксплуатацыю ў лістападзе. Ужо завяршыўся мантаж першага паверха. Але тэрміны падціскаюць. Таму кіраўніцтва трэста прыняло рашэнне манціраваць панэлі кругласутачна.

І некаторыя жыхары суседніх шматпавярховак забурчалі, маўляў, пражэктар з будаўнічай пляцоўкі ноччу ў вокны свеціць і шум спаць не дае.

Зразумела, што новабудоўля ва, умоўна кажучы, спальным мікрараёне заўжды нясе пэўныя нязручнасці для яго жыхароў. Але ж і незадаволеныя суседзі, якія сёння ўладкаваліся ў камфортных кватэрах, калісьці таксама, мабыць, з нецярпеннем назіралі, як метр за метрам расце іх будучае жыллё.

Бенджамін Океке, назначаны загадам па трэсце адказным за вядзенне будаўніцтва, кажа:

— Хоць кроў з носу, а панэлі зманціраваць мы павінны ў вызначаны тэрмін. Калі не залье дождж, не здарыцца сур’ёзных паломак з кранам, іншых форс-мажорных абставін і будзем працаваць у такім тэмпе, то на завяршэнне мантажу спатрэбіцца 30-35 дзён. Таму жыхарам трэба пацярпець наша суседства. Усе ж павінны разумець: чым аператыўней мы саставім «каробку», тым хутчэй закончацца і нязручнасці. А на ўзвядзенні даху ніхто ўжо ноччу працаваць не будзе. Да таго ж шум ад рухаў крана і электразваркі не такі і вялікі, каб моцна хвалявацца. Дарэчы, на будаўніцтве жылля ў Наваполацку кругласутачная работа — гэта даволі звыклая з’ява.

Бенджамін Океке з брыгадай мантажнікаў

Бенджамін, між іншым, адзін з самых вопытных будаўнікоў трэста № 16. Сам ён родам з Нігерыі. У 1991 годзе закончыў Наваполацкі ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-будаўнік.

— Хутка пасля вучобы ажаніўся, — усміхаецца Б. Океке, — дзіця нарадзілася, так і застаўся ў Беларусі, атрымаў беларускае грамадзянства.

З 2004 года ён працуе ў трэсце № 16. Колькі за гэты час пабудаваў з таварышамі дамоў у самім Наваполацку, Полацку, Паставах, Верхнядзвінску і іншых месцах, кажа, што цяжка і падлічыць. Цяпер вось прыкладае напрацаваны гадамі ўвесь свой вопыт, каб своечасова завяршыць будаўніцтва жылля і ў Браславе. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.