Вузкая дарога ў шырокі свет

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Так казалі да вайны пра вузкакалейную чыгуначную дарогу Друя — Браслаў — Дукштас.

Яна з’явілася ў час Першай сусветнай вайны і была пабудавана ў 1916 г. з Друі да Пеліканаў расійскімі салдатамі, ваеннапалоннымі, сялянамі навакольных вёсак для забеспячэння прыфрантавых часцей боепрыпасамі, харчаваннем (немцы таксама працягнулі вузкакалейку ад станцыі Дукшты пад в. Чэпуканы ў наваколлі воз. Дрысвяты). Пазней стала чыгункай агульнага карыстання для пасажырскіх і грузавых перавозак.

Вузкакалейка праходзіла па вельмі маляўнічай мясцовасці. Праз вокны вагонаў можна было назіраць за азёрамі і ўзгорыстымі пейзажамі, касцёламі і цэрквамі, таму ўжо ў 30-я гады XX стагоддзя чыгунка прапаноўвалася не толькі як сродак даезду турыстаў у Браслаў, Слабодку ці іншыя цікавыя месцы, але і як самастойны турыстычны маршрут працягласцю 94 км. Інфармацыя пра яго была змешчана, напрыклад, у «Турысцкім даведніку па Польшчы» (т. 1. Паўночна-Усходняя Польшча. Варшава, 1935).

Для перавозкі пасажыраў малая магістраль выкарыстоўвалася да сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Па прычыне нерэнтабельнасці яе закрылі. З успамінаў пуцейнага рабочага Эдуарда Вірвіча, запісаных краязнаўцамі клуба «Зямляне» Грытунскай школы: «Як цяпер, памятаю дзень 5 жніўня 1964 года. Ішоў апошні цягнік па нашай чыгунцы. Кіраваў ім машыніст Троцкі. Ішоў цягнік павольна, а да апошняга вагона была прымацавана мятла, усё падмятала апошні раз».

Грузы перавозілі даўжэй. Старажылы кажуць, што яшчэ ў пачатку 70-х гадоў на асобных участках можна было пачуць гудок паравоза.

Разбіралі чыгунку па частках. У пачатку 80-х гадоў яна канчаткова перастала існаваць.

Літаральна за год да закрыцця пасажыраперавозак чыгуначныя шляхі для абароны ад снежных заносаў былі абсаджаны дрэвамі і кустамі. Па гэтай прыкмеце шмат дзе можна знайсці алеі, па якіх праходзілі пуці. У іншых месцах яшчэ бачны чыгуначны насып. Па сённяшні дзень існуюць і будынкі чыгуначных вакзалаў вузкакалейкі ў Браславе і Друі, частка сцяны былога дэпо.

Каб захаваць для нашчадкаў ды і турыстаў крупінку гісторыі малой чыгуначнай магістралі, улюбёныя ў гісторыю роднага краю валанцёры — мастак Міхаіл Ставіцкі і старэйшына адной з вуліц Друі Міхаіл Чапінскі — прапанавалі старшыні Друеўскага сельвыканкама ўстанавіць памятны знак.

Ганна Багеша падтрымала гэту ініцыятыву. Побач з вакзалам (цяпер гэта жылы ведамасны дом чыгункі) на разваротным крузе вузкакалейнай станцыі «Друя» два цёзкі самастойна зрабілі насып, замацавалі на ім арыгінальныя шпалы (1916 г.) і рэйкі (1906 г.), у канцы насыпу ўстанавілі выраблены з драўлянага бруса тупіковы ўпор.

Да завяршэння ініцыятыўнага праекта засталося паставіць на рэйкі вузкакалейную калёсную пару, якую паабяцаў спансіраваць торфабрыкетны завод, а побач — выбітны камень з замацаванай на ім таблічкай з датай існавання малой чыгуначнай магістралі.

Падчас рэстаўрацыі праваслаўнага храма валанцёры натрапілі і на станцыйную рынду — чыгунны звон МПС, які падаваў сігналы ў час адпраўлення паравоза. Але мужчыны асцерагаюцца яго крадзяжу, таму і сумняваюцца, ці варта дапаўняць ім памятны знак гісторыі вузкакалейкі.

Сёння меркаванне, што калі-небудзь вузкакалейка будзе адноўлена як турысцкая траса нацыянальнага парка і над Браслаўшчынай зноў прагучыць пранізлівы гудок «цюхці» (такую пяшчотную мянушку мелі невялікія паравозікі), гучыць увогуле фантастычна. Дык няхай дзякуючы няўрымслівасці краязнаўцаў пра існаванне малой чыгуначнай магістралі, якую выціснуў аўтамабільны транспарт, нагадвае прахожым хоць бы памятны знак. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.