Працаваць у тандэме з суседзямі, каб не пакінуць жывёлу без корму

Деньги
У напружаным графіку палявых работ для хлебаробаў раёна наступіла адказная пара: трэба тэрмінова заканчваць корманарыхтоўку і прыступаць да ўборкі збожжавых культур, на якую будуць кінуты ўсе сілы і сродкі. Аднак колькі б ні намалочвалі зерня, для жывёлагадоўчай галіны асноўным рацыёнам застаюцца травяністыя кармы. А іх, як правіла, з году ў год і недабіраюць.

З апошніх пяці гадоў найбольш сытным для буйной рагатай жывёлы быў зімовастойлавы перыяд 2016 — 2017 гадоў, калі, за выключэннем дзвюх гаспадарак, усе астатнія паспелі ўдосталь закласці сенажу і сіласу, насушыць сена. Пра апошнюю ж зімоўку і ўспамінаць цяжка, бо нават такія сельгаспрадпрыемствы, як «Друйскі» і «Агравідзы», «Відзаўскі» і «Браслаўскі», дзе ва ўсе папярэднія гады травяністых кармоў уласнай нарыхтоўкі хапала, вымушаны былі ў прамым сэнсе пабірацца па суседніх гаспадарках, а то і завозіць іх з-за межаў раёна.

Але ж асноўнай прычынай недабору зялёнай масы ў мінулагодні сезон корманарыхтоўкі было дажджлівае надвор’е, калі тэхніка не магла выехаць на пераўвільготненыя сенажаці. Сёлетнія кліматычныя ўмовы даюць магчымасць рыхтаваць кармы без усялякіх затрымак. Аднак калі ўважліва паглядзець на раённую зводку, а канкрэтней, на тыя лічбы, якія паказваюць колькасць нарыхтаваных цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, то яны асаблівага энтузіязму не выклікаюць. Нягледзячы на тое, што за сёлетні сезон у сельгаспрадпрыемствах на канец мінулага тыдня заклалі на 0,4 ц к. адз. зялёнай масы больш, чым летась, у цэлым радзе гаспадарак вынікі ніжэйшыя. Нават «Маяк Браслаўскі», які нярэдка пазычае свае кармы іншым, і то недабірае да мінулагодняга паказчыка. Поўнасцю правалілі корманарыхтоўку ў аграсэрвісе. Там на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана толькі па 6,93 ц к. адз., а гэта намнога менш, чым было летась. Мінусуюць да мінулагодняга паказчыка «Мяжаны», «Агравідзы», «Друйскі». А гэта ж валаўтвараючыя гаспадаркі! І каб сёлетняй зімой зноў не касіць сена дугой, ім трэба вырашыць, як сумясціць уборку збожжавых культур і далейшую нарыхтоўку кармоў.

Механізатары Леанід Ролік і Уладзімір Крывель з КУСП «Відзаўскі» і ААТ «Бярозавы край» працуюць у спецыяльна аб’яднаным атрадзе для нарыхтоўкі кармоў.

Напрыклад, ААТ «Бярозавы край» і КУСП «Відзаўскі», дзе запасы зялёнай масы ўжо большыя за леташнія, стварылі адзін корманарыхтоўчы атрад, механізатары якога не будуць адцягвацца на малацьбу. У яго ўвайшлі па адным КВК з кожнай гаспадаркі, на адвозцы працуюць чатыры ПІМы і МАЗ, трамбуе сочны корм трактар МТЗ-3022. У цеснай звязцы суседзі плануюць працаваць да белых мух. Мабыць, па гэтым шляху трэба ісці і астатнім: кааперыравацца, каб у перыяд уборкі ўраджаю ў сянажныя траншэі паступалі сакавітыя кармы. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.