Выбіраем прыстасаванне для катання з гары

Калейдоскоп

Гэтай зімой, як, дарэчы, і ў папярэднія, каб паспець атрымаць асалоду ад сапраўдных зімовых забаў, трэба яшчэ злавіць момант. І пакуль які-ніякі снег ёсць, гайда на горку! Што ж прыхапіць з сабой у якасці прылады для катання, вывучала «Браслаўская звязда».

У гады майго дзяцінства мы каталіся на звычайных драўляных ці металічных санках, а калі іх не было, то ў ход ішоў за мілую душу кавалак лінолеуму, кардон ці нават пакет. У арсенале цяперашніх дзяцей ды і дарослых таксама шмат зручных прыстасаванняў.

ЛЯДЗЯНКА

Такая прылада — самая простая альтэрнатыва санкам. Па сутнасці, гэта «дыванок», які прыдасць хуткасць і не забрудзіць адзенне ў вядомым месцы. Кампактную і зручную лядзянку можна знайсці ў супермаркетах і на рынку. Яны бываюць розных відаў, форм і памераў. Колер — на любы густ. Матэрыял, з якога робіцца лядзянка, таксама можа быць розным, але часцей за ўсё гэта марозаўстойлівы пластык ці гума. Можна знайсці і такую, што вытрымае дарослага чалавека. Галоўныя перавагі лядзянак — нізкі кошт і лёгкасць. Так, каштуюць яны ў залежнасці ад вытворцы, памераў і месца набыцця ад 2 да 5 рублёў, а мінімальная вага дазваляе пераносіць іх з горкі на горку нават самаму маленькаму аматару катання. Пры захоўванні лядзянка зойме зусім мала месца. І гэта яшчэ адзін плюс.

САНКІ-ЛЯДЗЯНКІ, ЦІ «ТАЗІКІ»

Гэтая разнавіднасць лядзянкі выглядае ўжо больш умяшчальнай. «Тазікі» дастаткова вялікага дыяметра, могуць нагадваць форму карыта. Такі варыянт лічыцца найбольш бяспечным пры ўмове, што дзіця будзе моцна трымацца за ручкі. На гэтых санках можна катацца і ўдваіх. Акрамя таго, дарослыя таксама могуць успомніць дзяцінства і з’ехаць на іх з горкі. Каштуюць такія «тазікі» крыху даражэй (іх кошт пачынаецца з 15 рублёў), але нямоцна ўдараць па кішэні бацькоў.

МЯККІЯ ВАТРУШКІ — ЦЮБІНГІ

Адно з самых модных прыстасаванняў для катання ў сучасных дзяцей і дарослых — цюбінг. Нагадвае надзімны круг. Звычайна на такой ватрушцы катаюцца па вадзе, аднак з поспехам яе выкарыстоўваюць падчас зімовых забаў. Зроблены гэтыя санкі з гумы высокай якасці, пашкодзіць іх даволі складана, калі толькі зрабіць гэта спецыяльна. Цюбінгі лёгкія, іх проста захоўваць, мадэлі для дарослых могуць вытрымаць да 150 кг. Каштуе такая штука даражэй — прыкладна 50 рублёў, але яна таго варта.

СНЕГАКАТ

Гэта яшчэ адны мадэрнізаваныя санкі. Дзеці любяць іх за наяўнасць рулявога кіравання, дарослыя — за зручнасць і даўгавечнасць. На снегакаце можна як даехаць да дзіцячага садзіка, так і пракаціцца з горкі. Галоўная ўмова — добры слой снегу. Снегакат уяўляе сабой трывалую пластыкавую канструкцыю з металічным каркасам і наяўнасцю тармазоў. На такіх санках дзеці могуць катацца разам з дарослым. Кошт пачынаецца ад 60 рублёў. Безумоўна, звычайныя санкі ніхто не адмяняў, а кавалак лінолеуму ўвогуле абыдзецца бясплатна. Галоўнае — прыхапіце добры настрой і не забывайцеся пра бяспеку.

■ Вера БУЛАНАВА.