Перамога ў конкурсе па выхадзе і захаванасці прыплоду ў МАЯКОЎЦАЎ

Деньги

Штучнае асемяненне жывёлы — справа тонкая і спецыфічная. У ёй ад прафесіяналізму спецыялістаў залежыць прадукцыйнасць кароў, будучыня ўсяго дойнага статка. Каб павысіць прэстыж прафесіі тэхнікаў-асемянатараў, падкрэсліць значнасць іх работы, а таксама заатэхнікаў-селекцыянераў, ветурачоў-гінеколагаў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання на базе Віцебскай ветакадэміі ў канцы мінулага года правяло конкурс прафмайстэрства сярод лепшых спецыялістаў па выхадзе і захаванасці прыплоду.

З кожнай вобласці ў конкурсе прымалі ўдзел па 7 чалавек, якія аспрэчвалі паміж сабой права называцца лепшымі ў чатырох намінацыях:

– «Лепшая раённая група па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл»;

– «Лепшае звяно па штучным асемяненні»;

– «Лепшы тэхнік-асемянатар БРЖ»;

– «Лепшы тэхнік-асемянатар свіней».

У другой з пералічаных намінацый сваё прафмайстэрства было даручана прадэманстраваць спецыялістам СВК «Маяк Браслаўскі» — заатэхніку-селекцыянеру Кацярыне Пятровай, загадчыку малочнатаварнага комплексу «Ёдлавічы» Антону Станкевічу (выступаў у якасці ветурача-гінеколага) і тэхніку-асемянатару Алене Васільевай.

Дарэчы, пра апошнюю хочацца сказаць асобна. А. Васільева штучным асемяненнем БРЖ займаецца ўжо 35 гадоў. І кожны год на 100 кароў атрымлівае ад 93 да 98 галоў прыплоду. Яна сапраўдны прафесіянал сваёй справы, ведае ўсе тонкасці працэсу, за час работы авалодала рознымі тэхналогіямі і прыёмамі пакрыцця жывёлы, рэгулярна бярэ на ўзбраенне самыя прагрэсіўныя з іх.

Сама ж Алена лічыць, што не трапіць у лік прызёраў спаборніцтва іх звяно проста не мела маральнага права, бо кіраўніцтва гаспадаркі накіроўвала іх туды з поўным разуменнем пастаўленай задачы: выдзеліла аўтамабіль, выплаціла камандзіровачныя расходы ды яшчэ і забяспечыла харчаваннем на ўсе тры дні паездкі.

А як расказала заатэхнік-селекцыянер Кацярына Пятрова, менавіта яе ўдзел у спаборніцтве абагаціў зносінамі з калегамі з Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, дзе практыкуецца метад перасадкі эмбрыёнаў.

Калі ж вярнуцца непасрэдна да конкурсу, то яго ўдзельнікі праходзілі тэарэтычныя тэсты, паказвалі сваё майстэрства на практыцы. І абодва этапы «маякоўцы» прайшлі даволі паспяхова. У выніку занялі трэцяе месца ў намінацыі «Лепшае звяно па штучным асемяненні БРЖ».

Усе пераможцы атрымалі дыпломы міністэрства і грашовыя прэміі.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.