Вышыўка: любоў з дзяцінства

Отдых

«Абавязкова завітайце да нашай Ганны Васільевай, — падказалі мне ў Казянах. — Гэта таленавітая жанчына. Яна шмат вышывае. А яе вышыванкі нярэдка дорацца блізкім і знаёмым, абавязкова выстаўляюцца падчас мясцовых мерапрыемстваў».

Ганна Ягораўна крыху саромеецца журналісцкай увагі. Але пакрыху расказвае пра сваё захапленне. Яно заўсёды было яе аддушынай і падчас юнацкіх гадоў, і ў сталасці. Уся працоўная біяграфія жанчыны звязана з дзейнасцю на ферме. Дарэчы, Г. Васільева — ветэран працы і за сваю дзейнасць у сельскагаспадарчай вытворчасці мае ўзнагароды. Самааддана працуючы, яна, нягледзячы ні на што, знаходзіла час на вышыўку. Так з-пад яе рук выходзілі рэчы, якія знаходзілі сваё прызначэнне ў сям’і ды і проста радавалі вока.

Завіхаючыся дома і на рабоце, дзе і як знаходзіла час на захапленне? Усміхаючыся, Ганна прызнаецца, што не ведае. Вышывала, як толькі выпадала вольная хвілінка. Затое цяпер яе родныя могуць пахваліцца сурвэткамі, абрусамі і іншымі адметнымі хат- німі рэчамі. Рукадзельніца нават да вяселля ўнучкі спецыяльна вышыла ручнік. Пагадзіцеся, добрая прыкмета — сустракаць маладых рэччу, зробленай з добрымі думкамі ад бабулі. Гэта ж сапраўдны абярэг для сям’і!

«Вышыўка… Што ж тут такога. Звычайная жаночая справа! Я валодаю яе азамі з дзяцінства. Мы яшчэ разам з сястрой вучыліся гэтаму рукадзеллю!» — развітваючыся, сціпла кажа мне жанчына. «Яшчэ і сястра вышывае? Як добра! Гэта ж, напэўна, дадатковая тэма для размовы, калі вы сустракаецеся. Ёсць што паказаць, абмеркаваць вырабы. А дзе яна жыве?» — «Ды ў суседняй хаце! Мы ж блізняты. Усё жыццё побач!» — адказвае жанчына.

Як журналіст, я не магла не сфатаграфаваць гэтую абаяльную жанчыну разам з сястрой: у іх яшчэ і адно захапленне на дваіх!

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.