Categories: Год науки

Вучаніцы СШ № 1 у навуковым даследаванні высвятлялі значэнне вясельнага вянка

Жыццё чалавека складаецца з вялікага мноства падзей, сярод якіх вылучаецца вяселле. Маладыя імкнуцца ператварыць гэты ўрачысты дзень у сапраўднае свята, каб яно надоўга запомнілася не толькі ім, але і гасцям. Таму падчас падрыхтоўкі, калі ўлічваюцца ўсе дробязі, не забываюцца пра вясельныя традыцыі і абрады, якія маюць асаблівы, нават магічны сэнс. Адзін з самы папулярных сезонаў для правядзення вяселляў — восеньскі, а таму «Браслаўская звязда» прапануе чытачам пазнаёміцца з даследаваннем вучаніц СШ № 1 Анастасіі Шакель і Крысціны Мішчанка, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Сцяпанавай высвятлялі значэнне вясельнага вянка.

Усё пачалося з наведвання музея традыцыйнай культуры. Там якраз была разгорнута выстава «Вяселле на Браслаўшчыне», якая раскрывала асаблівасці яго правядзення ў першай палове ХХ ст. Дзяўчаты ж зацікавіліся зменамі ў святочным абрадзе, што адбыліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, бо такіх звестак пра наш рэгіён маецца не шмат.

Вучаніцы сустракаліся з жыхарамі Браслаўскага раёна, вяселле якіх адбылося ў гэты час, запісвалі іх успаміны, падмацоўваючы сабраныя матэрыялы шматлікімі фотаздымкамі з сямейных архіваў расказчыкаў. Таксама багата звестак знайшлося падчас працы з тэкстамі абрадавых песень нашага краю. Анастасія і Крысціна, вывучаючы асаблівасці вяселля на Браслаўшчыне ў вызначаны прамежак часу, асноўную ўвагу скіравалі на значэнне вянка маладой і прасачылі, як яно змяняецца адпаведна з набыццём новага статусу: ад выхаду з бацькоўскага дому і да далучэння да сям’і жаніха.

Падчас даследавання выявіліся пэўныя заканамернасці правядзення вясельнага абраду ў рэгіёне. Так, пачыналася ўсё са сватання, і маці маладой у знак згоды ламала ў двары верхавіну мірта або яліны. У гэты перыяд вянок з’яўляўся абавязковым атрыбутам дзяўчыны. Яго роля была рознай на шматлікіх абрадавых этапах, але асноўная — характарыстыка нявесты: упрыгожанне пэўным чынам расказвала пра яе. Распаўсюджана была ў нашым раёне і зборная субота — перадвясельны вечар, своеасаблівае развітанне нявесты са сваім дзявоцтвам, з сяброўкамі перад замужжам. У хаце маладой збіраліся дзяўчаты, спявалі і вілі для яе вянок. Ён быў знакам адметнасці, а таму кветкам для ўбрання ўдзялялася асаблівая ўвага. Яны маглі быць як жывыя, так і штучныя.

Нявеста, што не захавала сваёй чысціні да шлюбу, не мела права ўплятаць у вянок руту, мяту і лілею, якія сімвалізавалі дзявоцкасць і строгасць нораваў. Набор кветак характарызаваў не толькі маладую, але і яе сям’ю, даваў падставы для адпаведных адносін з боку бацькоў хлопца. Багаты рознакаляровы вянок услаўляў і ўзвялічваў дзяўчыну, а чырвоная нітка ці стужка ў ім валодалі ахоўнымі якасцямі.

Вянчанне з’яўлялася ключавым момантам вясельнага абраду, і нявеста надзявала спецыяльна зроблены вянок. Яго маглі замяніць абручом, каронай з бісерам, павязкай ці стужкай, але ўсе маладыя, якія хацелі вянчацца, абавязкова прывозілі ў храм вяночак з мірту, які святар прымацоўваў пад вэлюм. Міртам упрыгожвалі таксама сукенку нявесты і касцюм жаніха.

На апошнім этапе вяселля галаўны ўбор здымалі і замянялі на хустку, бо замужняя жанчына яго не носіць. У адрозненне ад цяперашніх традыцый, калі дзяўчаты, каб даведацца, хто наступнай створыць сям’ю, ловяць кінуты маладой букет, раней для гэтага выкарыстоўвалі менавіта вянок.

Як бачна, даследчыцы з СШ № 1 правялі вялікую работу, даведаліся многа новага пра шлюбныя цырымоніі сярэдзіны мінулага стагоддзя на Браслаўшчыне і значна папоўнілі культурную спадчыну нашага раёна. Магчыма, калі-небудзь на вяселлях браслаўчан зноў з’явяцца галінкі мірта, які здаўна лічыцца сімвалам шчасця, кахання і вернасці.

У абрадавых песнях Браслаўшчыны сцвярджаецца, што напачатку вянок сімвалізаваў хараство і прывабнасць, указваў на прыналежнасць нявесты да дзявочага асяроддзя і з’яўляўся адной з умоў абрання яе хлопцам, а яшчэ па ім дружына жаніха пазнавала яго маладую. Сплецены з кветак убор таксама падкрэсліваў сувязь дзяўчыны з родным домам і гарантаваў ёй падтрымку сям’і і сябровак у любых жыццёвых абставінах. Наступны этап — заручыны, калі багацейшыя маладыя мяняліся пярсцёнкамі і публічна пацвярджалі гатоўнасць да стварэння сям’і. Нявеста з гэтага часу не магла больш насіць свой вянок, бо ўжо фактычна не належала свайму роду. Дарэчы, пасля такога абраду адмова ад шлюбу была практычна немагчымай і лічылася ганебным учынкам.

■ Падрыхтавала Жанна БЯЛЬКО.

admin

Share
Published by
admin

Recent Posts

Сборная Браславского района примет участие во второй лиге чемпионата Беларуси по футболу

На Витебщине стартовал региональный этап чемпионата Республики Беларусь по футболу среди мужских команд второй лиги…

15 часов ago

«Надо было помочь людям. И мы помогали». Браславчанин о работе в чернобыльской зоне

В числе тех, кто в первые месяцы после аварии работал на загрязненной территории, был и…

22 часа ago

«Для такой машыны работа заўсёды знойдзецца». Браслаўчанін звыш 16 гадоў працуе на «Амкадоры»

Прыкладна паўтара года таму назад механізатар ААТ «Друйскі» Фёдар Ерашонак атрымаў ключы ад новенькага «Амкадора».…

22 часа ago

Браславские спасатели продолжают разъяснительную работу с населением

В рамках одноименной акции работники Браславского районного отдела по ЧС проводят масштабную профилактическую работу, чтобы…

23 часа ago

Денис Глебко о посылах ВНС: «Белорусы — мирная нация, но порох мы держим сухим»

Денис ГЛЕБКО, официальный представитель Полоцкого пограничного отряда: – Глава нашего государства неоднократно подчеркивал и подчеркивает:…

23 часа ago

Нина Пучинская отмечена Благодарностью Главы Администрации Президента Республики Беларусь

В рамках рабочей поездки в Витебскую область, посещая Браславский район, председатель Палаты представителей Национального собрания…

23 часа ago