Сёлетні красавік — сапраўднае выпрабаванне хлебаробам раёна

Деньги
1
Браты Іван і Васіль Шаляпёнкі. Першы заняты сяўбой, другі дыскуе глебу.

Сапраўднае выпрабаванне хлебаробам раёна наладзіў сёлетні красавік. Спачатку даў пачаць сяўбу яравых на дзень-два раней мінулага года, а затым стаў падносіць сюрпрызы ў выглядзе то дажджу, то снегу. А гэта значыць, што ў першыя цёплыя дні мая трэба будзе арганізоўваць работы так, каб сяўбу завяршыць як мага хутчэй. І часу будзе не так і шмат.

Напрыклад, у ААТ «Друйскі» ўжо плануюць, як лепш распараджацца тэхнікай, калі надвор’е дазволіць весці ўвесь комплекс работ. Яравымі культурамі ў гаспадарцы плануюць заняць 2 670 гектараў. Гэта трэцяя па велічыні плошча ў раёне.

Як расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Бялюн, першыя два тыдні вымушаны былі сеяць толькі зернебабовыя, паколькі не хапала дастаткова сухой глебы. І толькі ў сярэдзіне мінулага пераключыліся на сяўбу ячменю. Задаволены кіраўнік толькі тым, што паспелі своечасова падкарміць азімыя збожжавыя і рапс. А паколькі мінеральных тукаў не хапае, імкнуліся ўнесці як мага больш арганікі, на вывазцы і ўнясенні якой кожны дзень працуе спецыяльна створаны мехатрад. Цяпер перад ім стаіць задача заправіць глебу пад кукурузу.

Наяўнай тэхнікай, лічыць кіраўнік, за светлавы дзень можна засеяць значна большыя плошчы. На палеткі выязджаюць 2 трактары з пасяўнымі агрэгатамі, столькі ж — з дыскатарамі, 3 — з культыватарамі. Стрымлівае размах работ яшчэ і нізкая контурнасць палёў з пастаяннымі пераездамі. А яны не заўсёды добра заканчваюцца. Напрыклад, днём раней у час пераезду забуксаваў трактар з АПП. Каб вызваліць яго з гразевага палону, спатрэбілася больш за 2 гадзіны. Тым не менш, канстатаваў Аляксандр Станіслававіч, механізатары настроены на высокапрадукцыйную працу, гатовы закончыць сяўбу раней, нягледзячы на красавіцкія затрымкі.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.