Клапатлівыя гаспадары Алена і Антон Друсі з в. Веркі

Калейдоскоп Люди Отдых

1Уласныя падсобныя гаспадаркі былі і застаюцца значнай дапамогай для вясковых жыхароў. І нягледзячы на тое, што іх колькасць скарачаецца, дбайныя гаспадары, для якіх работа на падвор’і і догляд за жывёлай арганічна «ўплецены» ў штодзённы побыт, на Браслаўшчыне ёсць. Па такіх даўніх асновах жывуць Алена і Антон Друсі з в. Веркі Далёкаўскага сельсавета.

— Выраслі на «хатнім» малаку і сваіх прадуктах, — кажа гаспадар, — таму не ўяўляем, як гэта можна жыць без уласнага падвор’я.

Першую кароўку маладая сям’я атрымала ў падарунак ад бацькоў. Паступова колькасць і разнастайнасць жывёлы павялічвалася. Цяпер у іх падсобнай гаспадарцы ёсць некалькі дойных кароў, птушка, конь і два сабакі. Па сённяшніх мерках — цэлая армія жыўнасці.

З вясны да восені гаспадары завіхаюцца на зямельным участку, агародах, нарыхтоўцы сена, да таго гаспадыня паспявае ўпрыгожыць двор стракатымі кветнікамі. Пры гэтым у Алены і Антона ёсць яшчэ і асноўная работа. Мужчына даглядае жывёлу на ферме «Дамашы» СВК «Маяк Браслаўскі», а жанчына выхоўвае дзетак у Богінскім дзіцячым садзе.

Безумоўна, з такім аб’ёмам працы, асабліва ўлетку, пра доўгі адпачынак марыць не даводзіцца. Каб паспець абысці ўсе хлявы, падаіць, пакарміць ды кожнай кароўцы абавязкова ласкавае слова сказаць, трэба ўстаць на золку. Аднак з дзяцінства прывучаныя да сялянскіх клопатаў муж і жонка не звяртаюць увагі на будзённую аднастайнасць і не дзеляць работу паміж сабой. А дзякуючы руплівасці гаспадароў, большасць пра- дуктаў у доме — свае, натуральныя. Ды і ўдзячныя кароўкі не засмучаюць сваіх уладальнікаў. Так, штомесяц сям’я прадае дзяржаве амаль тону малака.

Зразумела, без падтрымкі дагледзець такую гаспадарку немагчыма. Таму, калі трэба, кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства выдзяляе тэхніку для апрацоўкі глебы, пашу, сена. Кожную вольную хвіліну на дапамогу бацькам прыязджаюць дачка са сваёй сям’ёй і сын.

На маё пытанне, ці пераехалі б яны ў горад, Алена і Антон дружна далі адмоўны адказ. Для вяскоўцаў найважнейшыя прастор палёў і лугоў, цішыня, якія даюць сілу, а падсобная гаспадарка — гэта частка іх жыцця.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.