«Браслаўскія зарніцы» ў 80-я гады мінулага стагоддзя

"Браслаўскім зарніцам -- 50"
2
Момант урачыстага шэсця падчас «Браслаўскіх зарніц» у 1984 г.

У 80-я гады мінулага стагоддзя па-ранейшаму асноўным лейтматывам свята «Браслаўскія зарніцы» заставалася ўшанаванне працаўнікоў сяла. Пры гэтым нярэдка напярэдадні святочнага мерапрыемства ў Браславе на сяле праводзілася свята Вясны, дзе падводзіліся мясцовыя вынікі работы на веснавой сяўбе. Аднак асноўныя ж падзеі праходзілі ў райцэнтры. Галоўным атрыбутам «Браслаўскіх зарніц» у гэты час стала выступленне зводнага тысячнага хору. Увогуле, гэты час можна назваць перыядам цікавых рэжысёрскіх знаходак і задумак.

Так, у 1980 годзе свята прысвячалася ўшанаванню жывёлаводаў. Пасля ўзнагароджвання лепшых працаўнікоў віншавалі шматлікія калектывы мастацкай самадзейнасці. Гэта опсаўскі народны хор, духавы аркестр аўтабазы № 18, харавыя калектывы Друйскага і Далёкаўскага ДК, псіханеўралагічнай бальніцы, калгасаў, РКБА і інш. На свяце прысутнічалі таксама артысты з Полацкага завода шкловалакна, Літвы і Латвіі.

У 1982 годзе «Браслаўскія зарніцы» святкавалі 60-годдзе з дня ўтварэння СССР і ў гонар юбілею па-ранейшаму ўшаноўвалі пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва сярод усіх працоўных калектываў. На сцэну падымаліся групы механізатараў, работнікаў жывёлагадоўлі, спецыялістаў сельскай гаспадаркі і інжынерна-тэхнічных работнікаў. Па традыцыі зводны хор выканаў песні «Ленін заўжды з табой» і «Дзякуй партыі». Перад браслаўчанамі таксама выступілі аркестр народных інструментаў Казянскай СШ, мастацкія калектывы Даўгаўпілскага і Зарасайскага ДК, беларускі харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

У 1983 годзе ў праграму ўшанавання перадавікоў уключылі вячэрняе тэатралізаванае прадстаўленне на беразе возера Дрывяты з удзелам Нептуна, Вадзянога і русалак. Неардынарнымі былі «Браслаўскія зарніцы» ў 1984 годзе. Так, традыцыйнае шэсце ўзначаліў макет старажытнага чоўна з князем на борце, за ім ішла пешая дружына. Далей — хлебаробы мінулых вякоў (мужчыны ў кашулях з косамі і цапамі, жанчыны з сярпамі), пасля ехаў трактар і грузавік з сімвалічным снапом. У Леснічоўцы шэсце вітаў князь Брас. Працягнулася свята канцэртам, бяспройгрышнай латарэяй (таксама новаўвядзенне) і спартыўнымі гульнямі.

«Браслаўскія зарніцы» 1985 года прысвячаліся моладзі і прайшлі пад лозунгам «Нам мір завешчана зберагчы». Дарэчы, галоўнай навіной свята стала ўручэнне нашаму раёну пераходнага Чырвонага сцяга Міністэрства культуры БССР і рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры за перамогу ў абласным і рэспубліканскім конкурсе самадзейнага мастацтва. Галоўнымі ж героямі фестывалю ў 1988 годзе сталі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі Браслаўшчыны. Выдатнікі школ раёна прайшліся ў святочнай калоне да Леснічоўкі, дзе яны дэманстравалі свае здольнасці і ўменні. Напрыклад, выступаў зводны піянерскі хор раёна і розныя дзіцячыя вакальныя і танцавальныя калектывы. У 1989 годзе на фестывалі, як і раней, шанавалі перадавікоў розных прафесій, а мастацкія калектывы трымалі справаздачу перад гледачом. Сярод навінак свята — гарадок майстроў, дзе дэманстраваліся вырабы народных умельцаў і традыцыйныя рамёствы.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота з фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў.