ДАВАЙЦЕ ЖЫЦЬ ПА-СЯБРОЎСКУ

Калейдоскоп Отдых

i (1)З надыходам вясны, калі сыходзіць снег, штогод агаляецца адна і тая ж праблема: практычна ва ўсіх дварах, пад вокнамі і на асфальце можна заўважыць адходы жыццядзейнасці дамашніх жывёл.

Гэтая тэма ўзнімаецца ў друку рэгулярна, але, як кажуць, воз і сёння там. І трэба пільна глядзець пад ногі, каб не ступіць у злашчасныя кучкі і не запэцкаць абутак. А калі пачынаеш нагадваць гаспадарам сабак пра вызначаныя правілы выгулу, то ў лепшым выпадку яны апусцяць вочы і хуценька прашмыгнуць міма, у горшым — у адказ пачуеш лаянку і абразу. І толькі зусім малая колькасць уладальнікаў жывёл ходзіць гуляць з цэлафанавымі пакетамі, лапаткамі і ў вызначаныя для выгулу жывёл месцы.

А тым не менш у Законе «Аб абыходжанні з жывёламі» прапісана, што выводзіць свайго чацвера- ногага сябра трэба на кароткім павадку і ў намордніку. Без апошняга атрыбута «ў свет» могуць выйсці толькі шчанюкі да трох месяцаў і прадстаўнікі дэкаратыўных парод памерам да 25 см у карку. Нельга выгульваць сабак на дзіцячых пляцоўках, у дварах жылых дамоў, на тэрыторыях школ і дзіцячых садоў, паліклінік і бальніц, прыводзіць у магазіны і на стадыёны. Падчас выгулу гаспадар павінен мець з сабой шуфлік і поліэтыленавы пакет для своечасовай утылізацыі адходаў. У тым жа дакуменце сказана, што для тых, хто не прыбірае за сваім сабакам і выгульвае яго ў забароненых месцах, устаноўлены штраф у памеры ад 1 да 15 БВ. А калі чый-небудзь гадаванец укусіў чалавека ці прычыніў шкоду маёмасці, то штраф павялічваецца да 30 БВ або нават магчыма трапіць пад адміністрацыйны арышт. І як патлумачыў в. а. першага намесніка начальніка РАУС Сцяпан Шакель, пакараць нядбайных гаспадароў магчыма. Трэба толькі напісаць заяву ў праваахоўныя органы, у якой указаць прозвішча, месца пражывання парушальніка, дату і канкрэтныя факты — на яе падставе састаўляецца адміністрацыйны пратакол.

На жаль, у адносінах да бадзяжных сабак гэта працэдура не дзейнічае. Але і тут ёсць рашэнне праблемы: патэлефанаваць у дыспетчарскую КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» па тэлефоне 62-0-01 для накіравання спецыяліста па абясшкоджванні бадзяжных сабак.

У сваю чаргу гаспадары сабак спасылаюцца на тое, што іх няма дзе выгульваць (хоць у нашым горадзе такіх месц хапае), разам з тым чацвераногім сябрам проста неабходна хоць бы паўгадзіны ў дзень пабегаць на прасторы. Але, пагадзіцеся, нават пры ўсёй справядлівасці довадаў трэба быць у адказе за тых, каго прыручылі, і паважаць сваіх суседзяў.

На Захадзе ўжо даўно працуе сістэма штрафаў для тых, хто не прыбірае за сваім гадаванцам. Напрыклад, у Германіі заплаціць прыйдзецца 500 еўра, у Нью-Ёрку сума трохі ніжэйшая — 450 долараў, але там домаўладальнікі збіраюць узоры ДНК усіх сабак, якія пражываюць у доме, каб знайсці «аўтара» кучкі. У парыжскіх парках зрабілі агароджаныя пляцоўкі з пяском. Тым, хто не прыбярэ за сваёй жывёлай, пагражае штраф у 180 еўра, а за паўторнае парушэнне — 400 еўра.

■ Алена ПЯТУШКА.