ПРА ШТО ПІСАЛА “БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА” 30 гадоў таму назад (лістапад 1986-га)

Калейдоскоп

1НОВЫЯ КВАТЭРЫ

Напярэдадні Кастрычніка 22 новыя кватэры здалі ў эксплуатацыю ў калгасе “Маяк”. У дні свята наваселле справяць маладыя сем’і трактарыста Эдуарда Пяткевіча, шафёраў Уладзіміра Адамчыка, Іосіфа Шапалоўскага, Віктара Ваштаевіча і іншых калгаснікаў. Усяго ў гаспадарцы ўжо больш за 50 грамадскіх кватэр.

СПАБОРНІЦТВА НЕ ЦЕРПІЦЬ ФАРМАЛІЗМУ

Жывёлагадоўлю мы называем ударным фронтам. Таму партыйныя арганізацыі, прафкамы, кіраўніцтва мабілізуюць людзей на паспяховае правядзенне зімоўкі, выкарыстоўваючы для гэтага сілу сацыялістычнага спаборніцтва. І важна не падмяніць жывую справу фармалізмам, бо сацспаборніцтва прадугледжвае таксама і выхаванне ў людзей камуністычных адносін да працы.

МЕСЦ У САДЗІКУ — З ЗАПАСАМ

Кожную раніцу 200 маленькіх выхаванцаў з радасцю пераступаюць парог новага дзіцячага сада № 3 у Браславе. І гэта не мяжа — ён можа прыняць 280 юных браслаўчан. Так што праблема месц у дашкольных дзіцячых установах горада вырашана, што называецца, з запасам.

ШАХМАТНЫЯ ТУРНІРЫ

Школьнікі райцэнтра разыгралі кубак па шахматах. У фінальным матчы сустрэліся вучні сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А. М. Жданава — сямікласнік Віктар Калкоўскі і дзевяцікласніца Анжэла Аляксеева. У мікраматчы з трох партый з лікам 2:1 выйграла А. Аляксеева.

ДЗЕНЬ АДКРЫТАГА ПІСЬМА

Партыя патрабуе стварэння ўмоў для адкрытай, шчырай размовы, якія б вострыя праблемы ні закраналіся і каго б са службовых асоб ні датычылі. Таму 5 снежня ў Слабодкаўскім ДК адбудзецца дзень адкрытага пісьма. Мясцовыя жыхары могуць звяртацца як пісьмова, так і вусна з усімі хвалюючымі іх пытаннямі. Пры гэтым неабходна называць сябе (ставіць подпіс), бо ананімным пісьмам у наш час не месца.

ЗВЕРАФЕРМА ДАЕ ПРЫБЫТАК

Значны прыбытак прынясе сёлета калгасу “Дружба” звераферма. Толькі на дзяржаўны аўкцыён у Маскву адправяць 2 000 шкурак пясца і 300 — серабрыста-чорнай лісіцы. А ўсяго звераферма дасць 6,5 тыс. пушыстых шкурак. Агульны прыбытак складзе каля 40 тыс. рублёў.

СУПРАЦЬ П’ЯНСТВА — УСЁЙ ГРАМАДСКАСЦЮ

Год таму назад адбылася раённая ўстаноўчая канферэнцыя па стварэнні таварыства барацьбы за цвярозасць. За гэты час сталі дзейнічаць 130 пярвічных арганізацый, у якіх налічваюцца 2 393 члены. Нама- ганні па пераадоленні п’янства і алкагалізму даюць свае вынікі: на Браслаўшчыне з’явіліся 5 зон цвярозасці.

ПАСЛУГІ АШЧАДКАС

Наглядным прыкладам росту матэрыяльнага ўзроў- ню жыцця працоўных могуць быць грашовыя зберажэнні, якія захоўваюцца ў ашчадных касах. У раёне 27 ашчадкас, іх паслугамі штогод карыстаюцца каля 40 тыс. чалавек. У цяперашні час сума ўкладаў браслаўчан перавышае 53 млн руб., сярэдні памер аднаго складае 1 450 руб.

ПАТРАБУЕ ЎДАСКАНАЛЕННЯ

Быць у курсе падзей у краіне і свеце для кожнага з нас стала неабходнасцю, аднак зрабіць гэта не заўсёды ўдаецца. Цяпер паштальёнам не трэба заходзіць у кожны двор: яны раскладаюць карэспандэнцыю ў новыя скрыні для пошты. Вось толькі тыя не прыстасаваны, каб стаяць пад адкрытым небам. Падчас дажджу газеты, перш чым чытаць, трэба сушыць. Новаўвядзенне вузла сувязі належыць удасканаліць.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.