Сакрэт поспеху — у працавітасці

Деньги Люди

3У кожнай гаспадарцы ёсць работнікі, якія складаюць касцяк калектыву, заўсёды якасна і ў тэрмін выконваюць даручаную справу. Шмат такіх добрасумленных і працавітых людзей і ў СВК “Маяк Браслаўскі”. З іх ліку — трактарыст-машыніст Іван Кульпа.

Менавіта на плечы механізатараў кладзецца асноўны цяжар работы ў гаспадарцы. Яны аруць, сеюць, уносяць угнаенні, займаюцца нарыхтоўкай кармоў, убіраюць збожжа. З любой з гэтых спраў выдатна спраўляецца і Іван Кульпа. Сакрэт яго поспеху, як адзначаюць кіраўніцтва і калегі, — у стараннасці.

Працоўны шлях механізатара адлічваецца з 2004 года. Малады спецыяліст пасля Відзаўскага каледжа трапіў на працу ў адну з лепшых гаспадарак раёна і з той пары рупліва шчыруе на карысць кааператыва. З ранняй вясны да позняй восені ён увіхаецца на палях. Вось і сёлета быў задзейнічаны на ворыве, потым дапамагаў у нарыхтоўцы кармоў, а ў самую гарачую для хлебаробаў пару перасеў на камбайн.

На ім, дарэчы, Іван больш за ўсё любіць працаваць, бо гэта не толькі выдатная магчымасць зарабіць, але і адчуванне таго, што ты маеш дачыненне да ўраджаю і агульнага каравая.На сваім камбайне механізатар адпрацаваў ужо шосты сезон. Іван адзначае, што сёлета ўраджай быў добры, надвор’е паспрыяла, а з тымі ўмовамі працы, якія арганізуе СВК, застаецца толькі працаваць на добры вынік. Да таго ж тэхніка, на якой шчыруе мужчына, выдатная, а ў руках акуратнага і дасканалага Івана камбайн працуе ўдвая лепш. Так, сёлета на ўборцы збожжавых, рапсу і траў ён намалаціў 1 131 тону, што з’яўляецца адным з лепшых паказчыкаў не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Ды і на іншых работах ён паказаў не горшыя вынікі. Адным словам, там, дзе працуе механізатар, работа заўсёды кіпіць. Інакш яму не дазваляе сумленне.

За сваю старанную штодзённую працу ён не раз чуў словы падзякі ад кіраўніцтва, быў адзначаны граматамі рознага ўзроўню, а яго імя заносілі на раённую Дошку гонару. Вось і ў сваё прафесійнае свята Іван Кульпа зноў сярод лепшых.

■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.