НА ЗЯМЛІ СВАЁЙ ШЧЫРА ПРАЦУЕМ

Деньги Новости

1Калі лісткі календара адкрываюць трэцюю нядзелю лістапада, а першыя замаразкі скоўваюць зямлю, прысыпаную лёгкім сняжком, у працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці наступае свята. Умоўна заканчваецца сельскагаспадарчы год, і можна падвесці першыя вынікі работы, адзначыць лепшыя калектывы і працаўнікоў, якія ўнеслі найбольш важкі ўклад у рост аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі. Сёння напярэдадні прафесійнага свята да працаўнікоў сельскай гаспадаркі з віншавальным словам звяртаецца першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарча Максім Чагарын.

Паважаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Браслаўшчыны! Сёння мы можам сказаць пра тое, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, аграпрамысловы комплекс нашага раёна працягвае развівацца. На палетках вырашчаны і сабраны ўраджай. Дзякуючы планамернай рабоце па ўдасканаленні тэхналогій, забяспечваецца рост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Два гады запар растуць аб’ёмы рэалізацыі малака, утрымліваецца высокі паказчык таварнасці.

Нягледзячы на складанае фінансавае становішча сельгаспрадпрыемстваў, мы ідзём наперад. Рэгулярна вядзецца рамонт і рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, хоць і не так, як хацелася, але абнаўляецца машынна-трактарны парк, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі мехдвароў і фермы. Значыць, расце і культура вытворчасці, без якой сёння нельга разлічваць на высокія паказчыкі, стабільную работу калектываў.

Увогуле, без эфектыўнай работы аграпрамысловага комплексу не можа развівацца і наш рэгіён у цэлым.

Трэба адзначыць, што больш за палову ўсёй атрыманай прадукцыі і выручкі прыпадае на СВК “Маяк Браслаўскі” і ААТ “Агравідзы”. А вось узроўню вытворчасці ў астатніх гаспадарках пакуль недастаткова для іх нармальнага функцыянавання. Для дасягнення больш высокіх вынікаў неабходна арганізоўваць работу з улікам патрабаванняў тэхналагічных рэгламентаў як у галіне раслінаводства, так і ў жывёлагадоўлі.

Адказная праца на месцах, высокая працоўная і выканаўчая дысцыпліна дазволяць нарасціць аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі, павысіць яе эфектыўнасць, забяспечыць дадатковую выручку і рост заработнай платы.

Безумоўна, асноўным рухавіком любой вытворчасці былі і застаюцца людзі. На працягу ўсяго года добрасумленна працавалі і дабіліся высокіх вынікаў нашы механізатары, камбайнеры, аператары машыннага даення, па адкорме і дарошчванні маладняку БРЖ, свінагадоўчага комплексу. Я глыбока ўдзячны ўсім тым, хто сваёй працай забяспечвае харчовую бяспеку краіны, умацоўвае эканоміку раёна.

Выказваю шчырую падзяку рабочым і служачым шэфскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, якія аказвалі пасільную дапамогу ў правядзенні палявых работ і ўборцы ўраджаю, падрыхтоўцы аб’ектаў жывёлагадоўлі, добраўпарадкаванні тэрыторый сельгаспрадпрыемстваў. Асобна хачу адзначыць уклад у агульную справу нашых ветэранаў, якія сваім прыкладам вучаць моладзь шчыра працаваць на роднай зямлі.

Паважаныя калегі! Ад усяго сэрца віншую ўсіх вас з прафесіянальным святам. Жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя і дабрабыту! Міру, дабрыні вам і святочнага настрою!