ГАНАРОВЫ ТРАНСПАРТНІК

Люди Новости

1У працоўнай кніжцы Савелія Зянчонка толькі адзін запіс. Пасля службы ў арміі ў далёкім ужо 1978 годзе ўліўся ён у калектыў АТП № 18 і да сённяшняга часу працуе ў аўтатранспартным прадпрыемстве вадзіцелем аўтамабіля пасажырскай службы.

За 38 гадоў стажу Савелій Фёдаравіч перавёз тысячы пасажыраў на прыгарадных і міжгародніх маршрутах, шмат пакалясіў на аўтобусе і па дарогах Расіі, Украіны, Прыбалтыкі падчас экскурсійных і камерцыйных тураў.

Багаты прафесійны шлях — яскравы прыклад таго, што першы клас вадзіцеля, прысвоены Савелію яшчэ ў маладосці, — гэта не толькі надбаўка да зарплаты, а і прызнанне высокага прафесіяналізму, які пацвярджаў С. Зянчонак штодзённай шчырай працай. Амаль за 40 гадоў перавозкі пасажыраў па знаёмых і невядомых шляхах ён не быў заўважаны ў парушэнні правіл дарожнага руху, не трапіў у дорожна-транспартнае здарэнне. І такая акалічнасць уражвае нават больш, чым тое, што двойчы ўзнагароджаны нагрудным знакам “За работу без аварый” 1-й і 3-й ступеней.

Да кожнай паездкі на кароткім ці працяглым маршруце Савелій Фёдаравіч рупліва рыхтуе аўтобус, каб у дарозе не здарылася нечаканых паломак, і памятае ў жыцці толькі адзін выпадак, калі падчас міжгародняга рэйса давялося прасіць дапамогі давезці па прызначэнні пасажыраў.

— С. Зянчонак ні на хвіліну не забывае, што вязе, вобразна кажучы, не дровы, а людзей, — заўва- жае начальнік аддзела перавозак Валянцін Савіцкі. — Яны ж, вядома, бываюць рознымі, некаторыя іншым разам паводзяць сябе не зусім адэкватна, перашкаджаюць спакою іншых пасажыраў. Таму ў дарозе Савелій Фёдаравіч не проста вадзіцель транспарту, а ўважлівы і чулы чалавек, які ўмее ўрэгуляваць любую сітуацыю. Нездарма ж чуем ад пасажыраў у яго адрас толькі словы шчырай удзячнасці.

За добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм Савелія Зянчонка неаднаразова заахвочвала кіраўніцтва філіяла, таксама ён узнагароджаны ганаровымі граматамі Віцебскаблаўтатранса і Браслаўскага райвыканкама, быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва ў намінацыі “Лепшы вадзіцель”. А сёлета Міністэрства транспарту ўзнагародзіла вадзіцеля аўтобуса нагрудным знакам “Ганаровы транспартнік”.

■ Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.