Сяўба азімых збожжавых у СВК “Маяк Браслаўскі”

Деньги
1
Механізатар СВК “Маяк Браслаўскі” Алег Васілевіч — бяззменны лідар у раёне на сяўбе азімых збожжавых.

Запланаваныя сёлета плошчы пад сяўбу азімых збожжавых у СВК “Маяк Браслаўскі” самыя вялікія сярод гаспадарак раёна — 1 600 гектараў, у тым ліку 750 га пшаніцы і 830 га трыцікале. Тым не менш ужо 23 верасня хлебаробы кааператыва першымі дасягнулі планавых паказчыкаў і, пакуль дазвалялі ўмовы надвор’я, прадаўжалі класці насенне ў глебу. Па стане на раніцу 3 кастрычніка агульная плошча азімага кліну збожжавых склала 2 074 га: 1 331 га пшаніцы (177,5 % плана) і 743 га трыцікале ( 89,5 %).

Пра арганізацыю пасяўной на пытанні карэспандэнта газеты адказала галоўны аграном сельгаскааператыва Валянціна Таўкінь.

— Валянціна Віктараўна, калі ласка, некалькі слоў пра арганізацыю працы, якая дазваляла ў разліку на 1 наяўны пасяўны агрэгат штодзень класці насенне ў глебу на значна большай плошчы, чым у іншых гаспадарках.

— Падчас азімай сяўбы збожжавых вельмі важна мець запас ворыва. Каб штодзень засяваць па 60 — 80 га, трэба яго не менш за 100 га. А на пачатак сяўбы ў нас было ўзарана глебы больш за 500 гектараў. Хачу сказаць, што для ўзворвання, апрацоўкі глебы і сяўбы спраўнай тэхнікі хапала, за што хвала інжынернай службе. Паліва для запраўкі сельгастэхнікі паступала ў асноўным за кошт уласных сродкаў гаспадаркі. Па прычыне адсутнасці саляркі ніколі не стаялі. Механізатары працавалі рупліва ўвесь светлавы дзень. Хварэюць душой за агульную справу. Ды і зарабіць можна было добра, а за работу ў нядзелю аплата налічвалася па двайным тарыфе.

— Што ўдалося пакласці ў глебу пад будучы ўраджай?

— Перад узворваннем на 1 200 га (з рапсам) унеслі гліфасаты. Пад патрэбы комплекса пашырылі клін азімай пшаніцы. Большасць плошчы засеялі сваім насеннем першай рэпрадукцыі. На 150 га паклалі эліту, дакупілі 25 тон насення пшаніцы і 25 тон трыцікале. Фосфарныя ўгнаенні вельмі дарагія, а калійных набылі за ўласныя сродкі на 80 % ад патрэб, таму ўносілі іх няпоўную дозу. Настройваемся на тое, каб за зіму закупіць азотныя ўгнаенні і не прапусціць тэрміны падкормкі.

— Колькі ж, Валянціна Віктараўна, разлічваеце ў наступным сезоне сабраць з азімых збожжавых?

— Не хачу нават загадваць. Людзі, лічу, зрабілі ўсё, што ад іх залежыць. Скажам, пра якасць падрыхтоўкі глебы магу прывесці такі вось красамоўны факт: еду на “Ніве” па ніве са скорасцю 70 кіламетраў у гадзіну што ўздоўж, што ўпоперак поля — нідзе не ўскалыхне. А цяпер трывожна пазіраю на ўсходы — вільгаці не дае прырода. Ніхто не застрахаваны і ад таго, што нават добрая рунь можа вымерзнуць зімой. Хоць і кажуць у народзе “на Бога надейся, но и сам не плошай”, але ж у нашай хлебаробскай справе капрызы надвор’я могуць звесці на нішто ўсе людскія намаганні.

■ Гутарыў Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.