Дзіцячы садок — месца, дзе малыя праводзяць шмат часу: гуляюць, рыхтуюцца да школы, знаходзяць новых сяброў. Таму і яго добраўпарадкаванне павінна быць адпаведным. Відзаўскі дзіцячы садок ідзе ў правільным накірунку: тут прыкладаюць шмат намаганняў, каб зрабіць выдатнае асяроддзе для дзяцей.
Вось ужо паўгода на пасадзе загадчыцы дзіцячага садка працуе Антаніна Абалевіч, якая і распачала дзейнасць па змяненні тэрыторыі. Дзякуючы намаганням жанчыны і яе сям’і, выхавацеляў, памоч- нікаў выхавацеляў, цяпер тэрыторыю садка не пазнаць. За даволі кароткі тэрмін зрабілі новыя пясочніцы, у яркі жоўты колер пафарбавалі агароджы, забетаніравалі дарожкі, зрабілі пад’езд для машын. На гэтым ініцыятыўная Антаніна Антонаўна не спынілася. Таксама на тэрыторыі садка з’явіліся зробленыя сваімі рукамі млын і казачная хатка з жыхарамі-гномамі. Пакуль што іх тут два, але хутка з’явяцца новыя.
Уражвае колькасць кветак на тэрыторыі. Дзеці ахвотна цікавяцца ўсімі раслінамі і па магчымасці дапамагаюць глядзець за імі. У хуткім часе ў садку з’явіцца і сапраўдны сялянскі двор з агароджай, пеўнікам, кветкамі, канём і бычком.
Грошы на рамонт збіралі самі, дапамагалі бацькі. Кожны ўнёс у добраўпарадкаванне свой уклад.
Загадчыца садка працуе над тым, каб дзеці адчувалі сябе быццам дома. Антаніна Антонаўна — добрая гаспадыня. Вакол яе дома таксама прыгожа: буяюць кветнікі і радуюць вока малыя архітэктурныя формы. Таму і ў садку яна ведае, што, дзе і як трэба зрабіць, каб дзецям было ўтульна тут знаходзіцца.
У абноўленую ўстанову адукацыі вечарамі ахвотна прыходзяць пагуляць матулі з дзецьмі. Адным словам, змяненні прыйшліся да душы і дарослым, і малым.
■ Ірына ЛІМАНОЎСКАЯ, студэнтка 4 курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава