ШКОЛЬНЫ ЛІДАР — Ксенія Ракіцкая

Люди


56IMG_0177-300x200Таленавітая моладзь з’яўляецца гонарам любой установы адукацыі. Нямала выдатных вучняў, спартсменаў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці выйшла са сцен Дрысвяцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Сярод іх выпускніца гэтага года Ксенія Ракіцкая.

Апошнія тыдні былі асабліва адказныя для дзяўчыны, бо яна рыхтавалася да школьных экзаменаў і выпускнога вечара. І хоць крыху хвалявалася, аднак атрыманы багаж ведаў дазволіў паспяхова справіцца з іспытамі. Ксенія — выдатніца па ўсіх прадметах, не раз была ў прызёрах раённых алімпіяд, але сярод самых любімых — беларуская, руская і замежная мовы. Невыпадкова, што з імі звязаны і выбар будучай прафесіі: дзяўчына марыць стаць настаўніцай замежнай мовы.

Ксенія паспяхова спраўляецца не толькі з вучэбнымі справамі, але і з творчымі. Яна кажа, што “з маленства чула, як спяваюць яе бабулі, а калі знаходзішся ў такім творчым асяроддзі, то і сам з цягам часу пачынаеш займацца спевамі”. Да таго ж вакальныя здольнасці дзяўчыны разглядзела настаўніца музыкі Дрысвяцкай школы Таццяна Трыдзенская, яна і параіла дзяўчыне развіваць іх. Пачынала Ксенія са школьнай сцэны, а цяпер абавязкова ўдзельнічае ва ўсіх канцэртах у мясцовым Доме культуры. Не раз яна выступала і ў райцэнтры. Сярод імён прызёраў такіх конкурсаў, як “Маладыя галасы”, “Песні юнацтва нашых бацькоў”, гучала і імя нашай зямлячкі. Без музыкі сваё жыццё дзяўчына не ўяўляе. Ёй падуладна любая кампазіцыя, аднак больш любіць выконваць эстрадныя песні. А каб свае творчыя здольнасці падмацаваць яшчэ і тэарэтычнымі ведамі, дзяўчына скончыла музычную школу па класе “харавое аддзяленне”.

Ксенія піша вершы, заўсёды адгукаецца на прапанову паўдзельнічаць у культурным жыцці ўстановы адукацыі. Не раз яна была вядучай мерапрыемстваў, ахвотна ўдзельнічала ў спектаклях, конкурсах. Вось і на раённым “Лідар — новае пакаленне” дзяўчына выступіла выдатна і пакарыла ўсіх сваімі талентамі. Ксеніі падабаецца дарыць людзям добрыя эмоцыі сваімі песнямі, максімальна карысна выкарыстоўваць кожную хвіліну новага дня. Дзякуючы адкрытасці і камунікабельнасці, у дзяўчыны многа сяброў. А яшчэ яна лічыць, што “галоўнае — ставіць перад сабой мэты, тады з’явіцца натхненне, а разам з ім і ўпэўненасць, што ўсяго можна дасягнуць праз працу над сабой”.

Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.