Пры добрай арганізацыі работ справы ладзяцца

Главное Деньги

IMG_9910На вечар серады хлебаробы КУСП «Відзаўскі» паспелі засеяць збожжавымі і зернебабовымі культурамі 266 гектараў глебы, што складае 38,1% да плана. З пачатку сёлетняй сяўбы ў глебу планавалі першым чынам пакласці насенне зернебабовых. Аднак з-за пераўвільготненасці адзін участак застаўся недасеяным, таму тэхніку перагналі на поле за вёскай Груштэлішкі, дзе восенню унеслі калій і цяпер размесціцца пшаніца.

Менавіта на тое поле я і наведаўся ў аўторак разам з галоўным аграномам гаспадаркі Алінай Зайкоўскай. Па дарозе яна расказвала, што ў гаспадарку прыйшоў працаваць яшчэ адзін аграном Антон Павасар. Хлопец ён мясцовы, пасля атрымання дыплома паспеў папрацаваць у Сенненскім раёне, потым праходзіў тэрміновую службу, цяпер жа вярнуўся на малую радзіму. Механізатары як раз закончылі абедаць, і Антон ставіў чарговую задачу на другую палову дня, скарысташыся момантам, сфатаграфаваў агранома за работай у першы працоўны дзень. У механізатараў жа пацікавіўся, што елі, ці смачна кормяць. У той дзень на першае быў прыгатаваны гарохавы суп, на другое — тушаная капуста з мясам. Вечарам абяцалі прывезці салат і пюрэ з катлетамі. Усе, хто працуе на полі, хвалілі прыгатаваныя поварам сталовай Людмілай Маліноўскай стравы, разнастайнасць меню.

Як пазней расказвала галоўны аграном, пасяўныя работы ў гаспадарцы імкнуцца весці комплексна. Асобна працуе толькі трактар на ворыве ды «Раса» на падкормцы азімых збожжавых, якую як раз заканчвалі. На ўзгаданым жа полі працавалі трактар з дыскатарам, 4 — з культыватарамі, 2 — з сеялкамі, адзін — з каменеўборачнай машынай, яшчэ адзін адводзіў камяні, якія збіралі ўручную.

У збожжавай групе сельгаспрадпрыемства плануюць пасеяць пшаніцу, ячмень і крыху аўса. Кіраўнік гаспадаркі Юрый Трыдзенскі працай механізаванага атрада задаволены. Усе зацікаўлены пасеяць яравыя ў найкарацейшыя тэрміны, вечарам не выключаюць рухавікоў пакуль у баках ёсць салярка, часта працуюць з уключанымі фарамі. Выкройваюць кожную хвіліну. Нават у панядзелак, калі ішоў дождж, здолелі пасеяць 10 гектараў. Пры такіх падыходах да першага мая ў гаспадарцы разлічваюць закончыць сяўбу асноўных яравых культур, акрамя кукурузы, якой патрэбна больш цёплае надвор’е.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.