“Браслаўскія зарніцы” зноў збяруць сяброў

Главное

883

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь уключана ў пералік культурных мерапрыемстваў, інансуемых з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

Для свята народнай творчасці, якое ўжо даўно выйшла за рамкі раённага, гэта значная падзея. Для “Браслаўскіх зарніц” ганарова аказацца ў пераліку міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і фінансуюцца з рэспубліканскага і (ці) мясцовага бюджэтаў сярод такіх значных, як Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, міжнародны музыкальны фестываль “Залаты шлягер” у Магілёве,  міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі”  і іншыя.

Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, правядзенне свята “Браслаўскія зарніцы” ў гэтым годзе плануецца 28—29 мая. У гэтыя дні над горадам зноў загучаць песні ў выкананні тысячнага хору і запрошаных калектываў з розных краін, танцоры здзівяць старадаўнімі танцамі, а Замкавая гара ператворыцца ў сярэднявечнае паселішча. Разам з тым чакаюцца і новаўвядзенні. Напрыклад, канцэрт артыстаў беларускай эстрады.

Усіх сакрэтаў арганізатары свята не раскрываюць. Падрыхтоўка да яго цяпер у разгары, складаецца падрабязная праграма, вядуцца перамовы з калектывамі розных краін. Словам, “Браслаўскія зарніцы” ў 2016 годзе абяцаюць быць яскравымі і запамінальнымі як для даўніх прыхільнікаў, так і гасцей, якія ўпершыню пабываюць на іх.

Алена Набеева.