Патэльня па цане халадзільніка

Человек и закон

i (6)Гэтай праўдзівай уласнай гісторыяй з чытачамі газеты пажадала падзяліцца пенсіянерка з Браслава, каб, магчыма, перасцерагчы іншых рабіць часам не зусім абдуманыя пакупкі.

У маі мінулага года Мар’я Іванаўна (імя зменена) атрымала пісьмовае запрашэнне на прэзентацыю кухоннага посуду вядомай кампаніі, якую праводзілі ў нашым горадзе прадстаўнікі брэсцкай фірмы. Ад знаёмых, кажа, якія раней наведвалі такую прэзентацыю, ужо чула пра высокую якасць посуду, таму ахвотна пайшла на сустрэчу.

І яна сапраўды атрымалася цікавай. Прадстаўнікі брэсцкай гандлёвай фірмы даходліва расказвалі пра перавагі посуду трэцяга пакалення. На прэзентацыі наглядна прадэманстравалі, як хутка і выдатна гатуецца пірог, курыца без тлушчу і алею. Але больш за ўсё, расказвае Мар’я Іванаўна, здзівіў фільм, падчас прагляду якога сапраўдны танк гусеніцамі пераехаў каструлю, а яна засталася непашкоджанай.

Уражаная пачутым і ўбачаным, Мар’я Іванаўна рашылася купіць высокую з накрыўкай патэльню, нягледзячы на яе кошт у 5 млн 400 тыс. руб. Тым больш, што ўмовы заключэння дагавора рознічнай куплі — продажу таксама прывабілі: 800 тыс. руб. авансу наяўнымі грашамі і растэрміноўка на 10 месяцаў, з дня заключэння дагавора гадавая гарантыя на набыты тавар.

Але радавалася дарагой пакупцы жанчына нядоўга. Ужо на другім месяцы беражлівага карыстання на дне патэльні ўзніклі глыбокія трэшчыны, верхні слой пачаў змывацца, гатуемая страва стала прыгараць.

У чэрвені і ліпені Мар’я Іванаўна яшчэ ўнесла праз банк па 460 тыс.руб. растэрміноўкі, затым спыніла плацяжы і пачала чакаць чарговую прэзентацыю, каб замяніць тавар неналежнай якасці. Але яе неаднаразовыя спробы памяняць патэльню (у апошні раз 23 лютага) не ўвянчаліся поспехам. У адказ — розныя адгаворкі накшталт “мы толькі прадстаўнікі гандлёвай фірмы”, “мо няправільна карысталіся”.

Чаму выязныя прадаўцы (дагавор куплі-продажу заключаюць ад імя прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства на падставе даверанасці) цягнуць ката за хвост, можна зразумець, бо ёсць магчымасць “прыкрыцца” падпісаным абодвума бакамі дагаворам, у якім чорным па белым запісана, што прадавец вызваляецца ад адказнасці, калі пашкоджанні ўзніклі з-за няправільнай эксплуатацыі тавару. А калі не ўдалося дасягнуць згоды ў рознагалоссях, то спрэчкі перадаюцца на разгляд у суд па месцазнаходжанні прадаўца. Якраз, здаецца, і разлічана на тое, што знойдзецца мала ахвотнікаў шукаць невядома колькі часу праўду-матку за тысячу кіламетраў ад дому.

 Каб упэўнена адстойваць свае законныя правы, любому пакупніку зусім не лішне ведаць змест арт. 20 (Правы спажыўцоў у выпадку рэалізацыі яму тавару неналежнай якасці) Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”, дзе, у прыватнасці , дакладна сказана, што калі недахопы тавару выяўлены спажыўцом у гарантыйны тэрмін, то прадавец (вытворца, пастаўшчык, прадстаўнік) адказвае за недахопы тавару, калі не дакажа, што яны ўзніклі з-за парушэння спажыўцом устаноўленых правіл карыстання. Прадавец абавязаны прыняць няякаксны тавар, а пры ўзнікненні спрэчкі са спажыўцом наконт прычыны недахопаў за свой кошт правесці экспертызу. Дарэчы, зрабіць яе можа і сам пакупнік, гэта яго права, але ніяк не абавязак.

Пенсіянерка ж Мар’я Іванаўна не на жарт устрывожана. Прыдатнай патэльні ўжо няма. За што ж далей уносіць плацяжы растэрміноўкі? Але цяпер пужае, ці не давядзецца ў канчатковым выніку плаціць і пеню ў памеры 0,15% ад сумы пратэрмінаванага плацяжу за кожны дзень пратэрміноўкі. А да Брэста — далёка.

Не хоча жанчына ўжо і замены няякаснага тавару, абы і яе не чапалі. Таму накіравала заказным пісьмом гандлёвай фірме прэтэнзію, у якой прапанавала з улікам аплачанай ужо сумы за неналежнай якасці патэльню скасаваць заключаны з ёю дагавор.

З якім вынікам закончыцца гэтая сумная гісторыя ўзаемаадносін пакупнік — прадавец, яшчэ невядома.

Казімір Пятушка.