Механізатар ААТ «Друйскі» Іван Шаляпёнак па выніках 2015 года «Лепшы па прафесіі»

Люди

IMG_7947Хіба мог механізатар ААТ «Друйскі» Іван Шаляпёнак абраць сабе іншую прафесію і не звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, калі пасля заканчэння дзясятага класа разам з атэстатам сталасці атрымаў пасведчанні трактарыста-машыніста і вадзіцеля аўтамабіля. Ён адразу пасля выпускных экзаменаў сеў за руль трактара, які выдзелілі яму ў роднай гаспадарцы. Праўда, і напрактыкавацца добра не паспеў, бо атрымаў павестку на тэрміновую службу. Паколькі хлопец меў вадзіцельскія правы, то разлічваў, што 2 гады пакруціць руль ваеннага аўтамабіля, не надта абцяжарваючы сябе службай. Ды толькі прызыўная камісія вырашыла: служыць І. Шаляпёнку ў марфлоце. І замест двух тры гады ён нёс службу на караблях Паўночнай флатыліі.

Як лічыць цяпер сам, служба ў ваенна-марскім флоце загартавала яго, навучыла стойка пераносіць любыя цяжкасці. Пасля дэмабілізацыі пры ўладкаванні на работу ўсё ж папрасіўся на аўтамабіль, вельмі хацелася былому мараку паруліць машынай.

Калі ж у пачатку 90-х гадоў у гаспадарках раёна пачалі ўкараняць арэндны падрад, тагачасны дырэктар саўгаса Станіслаў Радзевіч прапанаваў І. Шаляпёнку ўзначаліць арэндную раслінаводчую брыгаду. Вопытны кіраўнік ведаў, што былы марак здолее арганізаваць работу механізатараў на вышэйшым узроўні. І не памыліўся. Брыгада Івана Шаляпёнка рэгулярна займала прызавыя месцы ў раёне, вызначалася на кожным этапе сезонных палявых работ.

З таго часу механізатар больш не падумваў перасесці за руль аўтамабіля. Трактары мяняў. Адным з першых у гаспадарцы атрымаў энерганасычаны МТЗ-3022, на якім працуе з плугамі і пасяўным агрэгатам. Мінулай восенню, напрыклад, на сяўбе азімых збожжавых і рапсу засеяў 3640 умоўных эталонных гектараў глебы. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.

Кожную ўборачную кампанію Іван Шаляпёнак перасаджваецца з трактара за руль камбайна і, як правіла, намалочвае ў гаспадарцы больш за сваіх калег.

Цяпер жа механізатар поўным ходам рыхтуецца да веснавой сяўбы. Займаецца рамонтам трактара і пасяўнога агрэгата, каб своечасова выехаць у поле і зноў паказваць высокі клас майстэрства.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.