Адразу дзве ўзнагароды

Деньги

IMG_3654Штогод ААТ “Белаграпрамбанк”, беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” і Віцебскі аблвыканкам праводзяць абласны конкурс аграэкасядзіб. Конкурс адкрыты, удзельнічаць у ім могуць усе жадаючыя ўладальнікі сядзіб. Праводзіцца ён у пяці намінацыях: “Экасядзіба года”, “Захаванне беларускіх традыцый”, “Гасціннасць”, “Лепшы старт” і “Здаровы лад жыцця”. Пасля падвядзення вынікаў рэгіянальнага конкурсу  пераможцы і лаўрэаты  ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Лепшая аграэкасядзіба”.

Як паказвае час, цікавасць да гэтага мерапрыемства расце, пра што сведчыць колькасць заявак. Сёлета ў абласным конкурсе за перамогу змагаліся 15 сядзіб, а ў рэспубліканскім — 41.  Зразумела, што падвядзення вынікаў з нецярпеннем чакалі ўсе намінанты. І вось на мінулым тыдні інтрыга была завершана.

Адразу два дыпломы атрымалі прадстаўнікі Браслаўшчыны — сядзіба “Ёдзішкі”. Напачатку яна стала лаўрэатам конкурсу “Лепшая аграэкасядзіба Віцебскай вобласці — 2014” у намінацыі “За здаровы лад жыцця”, а літаральна праз некалькі дзён атрымала тытул пераможцы ў намінацыі “Экасядзіба года” ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшая аграэкасядзіба — 2014”.

Чытачам нашай газеты “Ёдзішкі” знаёмы, бо ў студзені мы друкавалі артыкул пра яе цікавых гаспадароў. Аднак такі двайны поспех чым не нагода сустрэцца і задаць некалькі пытанняў.

Андрэй, у 2011 годзе вы таксама перамаглі ў намінацыі “Экасядзіба года”  на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Прыемна адчуваць, што вы па-ранейшаму знаходзіцеся ў лідарах сферы аграэкатурызму?

  • Спецыяльна я не імкнуся быць удзельнікам конкурсу. Але калі ўзнікае магчымасць паўдзельнічаць, то згаджаюся. не хвалюся граматамі і дыпломамі перад сваімі гасцямі. Вядома ж прыемна, што так высока ацэньваюць маю дзейнасць, але не хвалюся граматамі і дыпломамі перад сваімі гасцямі. На самай справе, я не ўспрымаю аграэкатурызм як камерцыйную дзейнасць, для мяне гэта лад жыцця, таму развіваю сваю падсобную гаспадарку і займаюся паўсядзённымі справамі.
  • Што больш за ўсё падабаецца вашым гасцям?
  • Натуральная прадукцыя, вырошчваннем якой мы займаемся. Шмат эмоцый выклікае вясковы кантактны заапарк і магчымасць назіраць за жывёламі не праз агароджу, а ў час непасрэдных зносін з імі. На сядзібе мы прапаноўваем шырокі спектр забаў: лазню, рыбалку, катанне на конях, экскурсіі па Браслаўшчыне і інш. Усе нашы прапановы атрымліваюць станоўчыя водгукі ад гасцей.
  • Ваша сядзіба паспяхова развіваецца. Што б вы маглі параіць браслаўчанам, якія ўжо займаюцца аграэкатурызмам ці толькі плануюць гэта рабіць?
  • Па-першае, не трэба дзяліць людзей па фінансавых магчымасцях і арыентавацца толькі, напрыклад, на VIP –адпачынак. Па-другое, неабходна абавязкова весці падсобную гаспадарку і мець прадукты з уласнага падвор’я. Па-трэцяе, цікава арганізоўваць турыстам вольны час. Мае госці пастаянна чым-небудзь занятыя.

Не трэба саромецца звяртацца па кансультацыю да старшыні грамадскага аб’яднання  “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай. Я сам ўдзячны ёй за дапамогу і розныя парады. Увогуле ж, хачу зазначыць, што ў нашай краіне ўлады зацікаўлены ў развіцці сельскіх тэрыторый, ёсць падтрымка,  прыняты “Закон аб развіцці ўласнай падсобнай гаспадаркі” і “Аб мерах па развіццю аграэкатурызма  ў Рэспубліцы Беларусь”. Давайце кіравацца імі і тады ўсё ў нас атрымаецца.

  • Дзякуй вам за размову і далейшых поспехаў у аграэкатурызме.

Алена Набеева.