Яніна Астроўская прызнана лепшай па прафесіі сярод аператараў машыннага даення раёна

Люди

IMG_7878Калі ў лютым мінулага года старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка ўручаў аператару машыннага даення МТФ «Якавічы» Яніне Астроўскай дыплом за другое месца ў абласным спаборніцтве па вытворчасці малака, пажадаў абавязкова стаць першай. І ў верасні яна атрымала ўзнагароду за першае месца, праўда, у складзе ўсяго калектыву фермы. Але і гэта дасягненне не стала апошнім у працоўнай біяграфіі Яніны. Па выніках работы за мінулы год яна прызнана лепшай па прафесіі сярод аператараў машыннага даення раёна.

Калі ў час чарговай сустрэчы напомніў жанчыне пра пажаданні М. Вялічкі і маю асабістую веру ў яе працалюбівасць і жаданне дабівацца высокіх вынікаў, Яніна Іосіфаўна сказала, як адрэзала: «Ні працалюбівасць, ні жаданне быць першай, спецыяльна да чаго я як раз не імкнуся, не стануць гарантыяй высокіх паказчыкаў. Сёння наперад выходзяць тэхналагічныя працэсы. Мы, аператары машыннага даення, у гэтым складаным ланцугу вытворчасці з’яўляемся адначасова і першым, і апошнім звяном у атрыманні канчатковай прадукцыі».

Прызнацца, хаця і ведаў, што Я. Астроўская некалькі гадоў запар была загадчыцай фермы ў Якавічах і Ілгайцах, а ў свой час вучылася на швяю і каля сямі гадоў працавала па спецыяльнасці, можа так вось проста і разумна даводзіць пра тэхналогіі. А яна працягвала:

— Вытворчасць малака, маю на ўвазе высокія надоі, працэс замкнуты абаранак.

І калі дзесці здарыцца разрыў, атрымаецца рагалік. Маю на ўвазе наступнае: аграном пастаўляе нам якасныя кармы, заатэхнік з ветурачом — высокапрадукцыйны маладняк узнаўлення, мы раздойваем яго, атрымліваем высокія надоі, старанна даглядаем атрыманы прыплод, яго перадаём даглядчыкам, які без якасных кармоў агранома, належнага ветэрынарнага догляду, не змогуць перадаць заатэхніку паўнацэнных высокапрадукцыйных цялушак, якія зноў паступяць да нас. Такім чынам і атрымліваецца гэта замкнуты ланцуг. І калі ў гэтым ланцугу на нейкім этапе здарыцца збой, ён будзе адгукацца гадамі.

Думаю, што з такімі вось простымі довадамі згадзіцца кожны жывёлавод.

Зразумела, што не толькі з-за сваіх пазнанняў ва ўсіх тонкасцях тэхналагічных працэсаў Яніна здолела дабіцца такіх высокіх паказчыкаў. За мінулы год ад кожнай каровы яна надаіла па 8409 кг малака і прыбавіла да паказчыка мінулага года 602 кг, або 8%, атрымала ў сваёй групе 43 галавы прыплоду, і ўвесь перадала на дарошчванне. За стопрацэнтнае захоўванне нованароджаных цялят у якасці прэміі атрымала бычка.

У ракурсе апошніх лічбаў з усіх дасягненняў Я. Астроўскай хочацца звярнуць увагу яшчэ на адзін аспект. Сёлета, наколькі валодаю інфармацыяй, толькі лічаныя даяркі дапусцілі зніжэнне надояў. Але ж ім было лягчэй расці да пазалеташніх паказчыкаў. А Яніна Астроўская ў мінулым годзе надаіла ад каровы па 7807 кг малака. І знайшла рэзервы, каб пераўзысці папярэдні паказчык не на якія небудзь 20 — 30 кг, а аж на 602. Дык вось на каго трэба раўняцца, а дырэктарам гаспадарак варта наладзіць было б сустрэчы з лепшай даяркай. Яна ж, думаю, з задавальненнем падзеліцца з калегамі вопытам, раскажа, што такое кансервацыя саскоў і для чаго яна патрэбна, як даглядаць цяля ў першыя гадзіны жыцця, шмат чым іншым. Нездарма ж яна атрымала заслужанае званне «Лепшы па прафесіі».

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.