Нялёгкая ноша дырэктара

Люди

IMG_0104Акцыянернае таварыства «Агравідзы» — валаўтвараючая гаспадарка раёна, на якую прыпадае больш за 30% вытворчасці ялавічыны. Пасля СВК «Маяк Браслаўскі» гаспадарка ўпэўнена трымае другія пазіцыі па валавых надоях малака, намалотах збожжа і рапсу, нарыхтоўцы кармоў. На лепшым узроўні пастаўлена там насенневодства шматгадовых траў — ад рэалізацыі і абмену якіх у многім пакрываецца стратнасць рэалізацыі БРЖ.

Калі ў 2004 годзе галоўнаму інжынеру тагачаснага калгаса «Уперад» Уладзіміру Залатуху прапанавалі ўзначаліць гаспадарку, раздумваў доўга. З аднаго боку спецыяліст меў ужо 11 гадоў стажу на інжынерных пасадах, з якіх 8 гадоў аддаў гэтаму сельгаспрадпрыемству, дзе добра ведаў калектывы механізатараў і жывёлаводаў, разумеў на што яны здольны, з іншага боку стаяў комплекс па адкорме БРЖ, які ва ўсе гады быў стратным і цягнуў агульную эканоміку ў бездань пастаянных крэдытаў на яго падтрыманне.

Тым не менш, як цяпер жартуе Уладзімір Антонавіч, прыйшоў да згоды з кіраўніцтвам раёна.

З першых дзён работы новы старшыня пачаў думаць пра тое, як удзешавіць вытворчасць ялавічыны, да мінімуму звесці яе пастаянную мінусавую рэнтабельнасць. Неўзабаве вучоныя інстытута жывёлагадоўлі Акадэміі навук РБ прапанавалі дабівацца павышэння сярэднесутачных прываг за кошт скармлівання жывёле плюшчанага зерня. Уладзімір Антонавіч тут жа ўзяўся ўкараняць напрацоўкі вучоных. Паспрабавалі нарыхтаваць такі корм, стварылі кантрольныя группы, і пераканаліся, што падыход варты ўкаранення ў вытворчасць. За 2012 — 2014 гады прывагі на комплексе ўзрасталі амаль на 20 — 30%.

Калі ж у «Агравідзах» пачалося ўзвядзенне малочна-таварнай фермы з даільнай залай, ды яшчэ пачаліся перабоі з фінансаваннем будоўлі, дырэктару акцыянернага таварыства прыходзілася працаваць днём і ноччу.

— Разумееш, — расказваў Уладзімір Антонавіч, — за час будоўлі змяніліся тры кіраўнікі генпадраднай арганізацыі. Раз у тыдзень у гаспадарцы праводзілася пасяджэнне штаба будоўлі, на якое абавязкова прыязджаў прадстаўнік абласнога камітэта сельгасхарча. Тут было не да сну. І нягледзячы на ўсе цяжкасці комплекс удалося ўвесці ў работу. Цяпер на гэтай «малочнай фабрыцы» атрымліваюць дзве трэці ўсяго валавога надою.

У цэлым жа за мінулы год вытворчасць малака ў акцыянерным таварыстве да папярэдняга года ўзрасла на 19,1% і дасягнула 4370 тон. З кожнага гектара было намалочана па 36,5 цэнтнера зерня і па 16,7 цэнтнера насення рапсу. За 11 месяцаў рэнтабельнасць продажу прадукцыі склала 14,9%.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.