Павага, заваяваная справай

Люди

IMG_2898 (Small)Гэтага спакойнага, разважлівага чалавека ведае ці не кожны жыхар Друі. Ды і як жа інакш: амаль 30 гадоў Васіль Мятла ўзначальвае мясцовую сярэднюю школу. Акрамя таго, працяглы час свае педагагічна-кіраўніцкія абавязкі ён спалучае з дэпутацкімі.

Першым месцам працы маладога фізіка стала Далёкаўская сярэдняя школа, дзе дырэктарам на той час быў Віктар Дунец. Менавіта яго Васіль Васільевіч лічыць сваім настаўнікам, які слушнымі парадамі і падказкамі фарміраваў светапогляд будучага кіраўніка. Ён жа і парэкамендаваў адміністрацыі РАА свайго спецыяліста.

Так В. Мятла стаў да штурвала Друйскай сярэдняй школы. Гаспадарлівы дырэктар, добры спецыяліст, у хуткім часе ён знайшоў сцяжынку да сэрца кожнага педагога і вучня, справай заваяваў павагу і давер аднавяскоўцаў. А тое, што яго ўжо сёмы раз выбралі дэпутатам, — яскравае таму пацвярджэнне. І да сённяшняга часу не здраджвае сваім жыццёвым прынцыпам, у адпаведнасці з якімі чалавеку нельга загадваць, нельга яго караць і толькі перакананнем можна дасягнуць станоўчых вынікаў.

Шмат увагі дырэктар надае працоўнаму выхаванню вучняў, бо лічыць фізічную працу адным з метадаў уласнага станаўлення чалавека, якая дае магчымасць адчуць кошт заробленага рубля. Так, у часы перабудовы В. Мятла пераканаў настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў узяць у арэнду ферму. Цэлы год у суботу і нядзелю яны хадзілі даіць кароў, каб папоўніць рахунак школы, а заробленыя грошы накіраваць на патрэбы дзяцей.

І сёння кіраўнік, наколькі гэта магчыма, намагаецца ўласнымі сіламі калектыву рабіць рамонт у памяшканнях, добраўпарадкоўваць прышкольную тэрыторыю. Даглядаюць вучні і старыя яўрэйскія могілкі, таму адміністрацыя ўстановы падтрымлівае сувязі з друянамі, што цяпер жывуць у Ізраілі і ЗША.

А колькі такту, цярпення, дыпламатыі спатрэбілася праявіць Васілю Васільевічу як дырэктару, і як дэпутату, калі ў пасёлку адкрылі дзіцячы дом, а яго выхаванцы пачалі наведваць школу. Не адзін месяц В. Мятла гутарыў з бацькамі сваіх вучняў і педагогамі, каб разам згладзіць канфліктныя сітуацыі паміж бацькоўскімі і абяздоленымі дзяцьмі. Аднак з цягам часу ўсё цяжкасці пераадолелі, і ў сценах школы пануе згода і паразуменне.

Зразумела, іншым разам вучні насваволяць, але ж на тое яны і дзеці. Настаўніка, лічыць Васіль Васільевіч, не павінны раздражняць іх рух, гоман і гарэзлівасць, таму заўсёды адстойвае інтарэсы непаўналетніх.

Дырэктар, як сапраўдны патрыёт, у будынку школы задумаў стварыць краязнаўчы музей. Нават ужо знайшоў спонсара — былога выпускніка, які выдзеліў сродкі на гэтую добрую справу.

  • Работа чакае грунтоўная і адказная, — прызнаецца В. Мятла, — бо вельмі хочацца, каб музей адпавядаў сучасным патрабаванням, змяшчаў цікавыя і значныя звесткі пра нашы мясціны і людзей Друі.

Не па чутках дэпутат ведае надзённыя праблемы і патрэбы аднавяскоўцаў. Штодзень у магазіне, на вуліцы да яго звяртаюцца з рознымі просьбамі, шукаюць дапамогі ў складаных сітуацыях. Часам яму прыходзіцца даваць людзям слушныя парады, кансультаваць ці тлумачыць юрыдычныя тонкасці вырашэння праблемы. Заўсёды імкнецца дапамагчы малазабяспечаным сем’ям запасціся палівам на зімовы перыяд, адзінокім састарэлым апрацаваць агарод. Педагагічная адукацыя і шматгадовы дырэктарскі вопыт, спрыяюць таму, каб знайсці падтрымку мясцовай улады і адміністрацыі сельгаспрадпрыемства. А такое ўзаемапаразуменне, як вядома, заўсёды прыносіць добры вынік і ў першую чаргу самім друянам.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.