У полі зроку — бяспека працы

Главное Новости

бяспека працыНа базе КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” 26 чэрвеня адбыўся абласны выязны семінар “Дзень аховы працы”. Удзел у ім прынялі першы намеснік начальніка ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Герасімаў, галоўны тэхнічны інспектар галіновага абкама прафсаюза Аляксей Юсікаў, галоўныя інжынеры, старшыні прафкамаў і спецыялісты па ахове працы жыллёва-камунальных прадпрыемстваў вобласці.
Адкрыў семінар першы намеснік начальніка ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Герасімаў. Ён акрэсліў асноўныя кірункі семінара, яго мэты і задачы. Затым удзельнікаў абласнога мерапрыемства павітаў намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Міхаіл Пліско. Ён пажадаў усім прысутным плённай і выніковай працы, а дырэктар ДП “Браслаў-камунальнік” Ігар Брынкевіч расказаў пра ўзначальваемае ім прадпрыемства. Пасля афіцыйнай часткі адкрыцця семінара яго ўдзельнікі накіраваліся на агляд аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Першым на маршруце дэлегацыі быў транспартны ўчастак на тэрыторыі прадпрыемства “Браслаў-камунальнік”. Спецыялістам расказалі, як правяраюцца работнікі на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення перад пачаткам працоўнага дня, якая работа праводзіцца, каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Таксама агледзелі ўдзельнікі семінара санітарна-бытавыя ўмовы, медпункт, тэрыторыю прадпрыемства і інш. Адразу ж на месцы далі ацэнку ўбачанаму, выказалі заўвагі і прапановы, абмеркавалі службовыя інструкцыі і спрэчныя сітуацыі, якія ўзнікаюць падчас працы.
Асэнсаваць убачанае спецыялісты змаглі падчас пераезду на наступны аб’ект, па дарозе на які завіталі на Замкавую гару, дзе для іх правялі аглядную экскурсію па гарадзішчы і расказалі легенды пра ўзнікненне Браслава.
Пасля невялікай культурнай праграмы ўдзельнікі семінара зноў прыступілі да працы, але ўжо на кацельнай участка цеплазабеспячэння. Прадстаўнікі жыллёва-камунальных гаспадарак вобласці азнаёміліся з яе працай, прайшліся па тэрыторыі і прылягаючых памяшканнях і ўсюды пільную ўвагу звярталі на арганізацыю бяспекі працы пры тэхнічным абслугоўванні кацельнага абсталявання. Не менш дапытліва вывучалі і адпаведную дакументацыю. Тут жа былі праведзены практычныя заняткі: работнікі кацельнай выканалі заданне на вышыні з выкарыстаннем драўлянай лесвіцы. З прафесійнай цікавасцю прысутныя глядзелі на ўсе этапы задання і адначасова каменціравалі ўбачанае.
Падчас пленарнага пасяджэння, якім завяршыўся абласны семінар, былі падведзены вынікі работы па ахове працы ЖКГ, заслуханы тэматычныя справаздачы і акрэслены кірункі, у якіх трэба рухацца ўсім прадпрыемствам.

Алена Набеева.
Фота аўтара.