Станоўчыя вынікі дзейнага старшыні

Главное

Ахрэмаўцы сесіяНа мінулым тыдні адбылася 10-я чарговая сесія Ахрэмавецкага сельскага Савета дэпутатаў 27 склікання, на якой справаздачу пра работу мясцовага кіравання і самакіравання на падведамнай тэрыторыі за год трымала старшыня сельсавета Дзіяна Тарун. Удзел у сесіі прыняла і старшыня райсавета Ніна Пучынская.
Сёння значная ўвага надаецца знешняму выгляду нашых гарадоў і вёсак, бо што б там ні казалі, а сустракаюць усё ж па адзенні. Таму навядзенне парадку на зямлі — адзін з асноўных накірункаў дзейнасці і Ахрэмавецкага сельсавета. Сёлета, паведаміла Д. Тарун, на добраўпарадкаванне яго тэрыторыі запланавана 124 млн руб., з якіх ужо 61054,7 тыс. зрасходавана на вулічнае асвятленне, утрыманне і рамонт вясковых вуліц.
Не сакрэт, што аварыйныя дрэвы і лядашчыя будынкі не толькі псуюць выгляд мясцовасці, а і ўяўляюць небяспеку. Да таго ж безгаспадарныя дамы прывабліваюць нядобранадзейных грамадзян. І гэта праблема не выпала з поля зроку дзейнага старшыні сельвыканкама. Сёлета ўжо выдалена 14 такіх дрэў. У красавіку сіламі мясцовых жыхароў знесены дом у Разэце, завяршаецца такая ж работа і ў Дзегцярах.
Памяць патрэбна не мёртвым, яна патрэбна жывым. Кіруючыся такім дэвізам, мясцовая ўлада сумесна з раённым аддзелам дэпартамента аховы правяла рамонт і добраўпарадкаванне двух воінскіх пахаванняў.
Несанкцыяваныя звалкі і зараснікі баршчэўніку Сасноўскага — галаўны боль улады і шматлікіх службаў раёна. Тым не менш, адзначыла старшыня сельвыканкама, ліквідацыі іх ідзе: за справаздачны перыяд ліквідавана 4 звалкі, скошана 0,75 га небяспечнай расліны.
Безумоўна, пад пастаяннай увагай мясцовай улады знаходзяцца патрэбы і запыты ветэранаў, інвалідаў, адзінокіх сталых і шматдзетных сямей.
Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце, падкрэсліла Д. Тарун, сельскі Савет надае павышэнню якасці жыцця людзей, таму кожны зварот грамадзян дасканала разглядаецца, прымаюцца ўсе магчымыя меры для яго рэалізацыі. Аказваецца пастаянная дапамога ветэранам, інвалідам, адзінокім сталым і шматдзетным сем’ям у забеспячэнні палівам і апрацоўцы прысядзібных участкаў. На кантролі знаходзяцца нядобранадзейныя сем’і і асобы, што злоўжываюць спіртнымі напіткамі.
Немалы пласт намаганняў надае мясцовая ўлада супрацьпажарнай бяпецы: за кошт сельсавета ўстаноўлена 13 АПА, з пачатку года назіральнай камісіяй абследавана 279 домаўладанняў, уладкаваны 3 пажарныя вадаёмы.
Несумненна, акцэнтавала ўвагу Д. Тарун, уся дзейнасць сельсавета абапіраецца на трывалую падтрымку неабыякавых старэйшын, дэпутацкі корпус, адміністрацыю прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. І дзякуючы іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, сумесныя намаганні прыносяць станоўчыя вынікі.
Аднак работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і могілак, ліквідацыі аварыйных дрэў і лядашчых дамоў яшчэ хапае, рэзюмавала Д. Тарун. Таму і далей агульнымі намаганнямі будуць вырашацца гэтыя праблемы.
У якасці судакладчыкаў выступілі мясцовыя дэпутаты Анатоль Невярковіч, Валянціна Медзведзь і Ганна Скур’ят.
Падводзячы вынікі сесіі, старшыня райсавета Ніна Пучынская сказала, што на гэтай адказнай і пачэснай пасадзе Дзіяна Феліксаўна працуе крыху больш за год. Аднак пераняла ўсё лепшае ад былога старшыні і за гэты кароткі тэрмін здолела наладзіць кантакт з мясцовым насельніцтвам і ўсімі ўстановамі, што дазволіла многае зрабіць па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета. Нельга не адзначыць і грунтоўную работу па прафілактыцы правапарушэнняў і выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18. У полі зроку сельсавета дапамога людзям па падтрымцы асабістай сельскай гаспадаркі.
Адным словам, канстатавала Н. Пучынская, дзейнасць Ахрэмавецкага сельвыканкама і яго старшыні можна з упэўненасцю прызнаць выніковай па ўсіх накірунках. Таксама старшыня райсавета пажадала працаваць далей з асваеннем бюджэтных сродкаў на дабрабыт жахароў і ўпрыгожанне мясцовасці.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.