Велікодныя сустрэчы

Главное

IMG_9364 (Medium)Праваслаўныя вернікі нядаўна святкавалі Уваскрэсенне Хрыстова. Гэты дзень яшчэ называюць Вялікаднём. У святкаванні праходзяць 40 дзён да Ушэсця. Яны лічацца днямі ўзаемаразумення, міласэрнасці і любові да бліжняга.
На велікодныя сустрэчы на Браслаўшчыну завітаў па добрай традыцыі і архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. У Свята-Успенскай царкве разам з благачынным Браслаўскага благачыння протаіерэем Анатолем і айцом Яўгенам уладыка правёў службу. А затым высокі госць прысутнічаў на святочным канцэрце з нагоды Уваскрэсення Хрыстова, які праходзіў у СШ№2. Сваімі выступленнямі радавалі вучні нядзельнай школы, работнікі раённага цэнтра культуры, вучні школ горада. Гучалі песні і вершы, якія сапраўды падарылі ўсім святочны настрой.
Са сцэны вітаў браслаўчан, сярод якіх былі людзі рознага ўзросту і прафесій, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Ён пажадаў любові, узаемаразумення, усяго светлага ў душы.
Арганізатары велікоднай сустрэчы пастараліся, каб нумары канцэртнай праграмы не толькі ўсхвалёўвалі Хрыста, але адлюстроўвалі і тыя чалавечыя каштоўнасці, без якіх немагчыма чалавечае жыццё. Адной з такіх з’яўляецца сям’я. Вядучая Алена Котава заўважыла, што на Браслаўшчыне з кожным годам становіцца больш шматдзетных сямей, у якіх пануюць лад і згода. Такіх сёння 236. Многія актыўна ўдзельнічаюць і перамагаюць у розных конкурсах, дзяцей сваіх выхоўваюць у любові і стараюцца раскрыць іх таленты. Алена Котава запрасіла на сцэну дружную сям’ю Алу і Валерыя Пучынскіх, у якіх пяць дзетак. Сям’я сама па сабе ўнікальная. У мамы праходзяць персанальныя выстаўкі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, тата займаецца мастацкай апрацоўкай дрэва, дзеці ўмеюць валяць воўну і вышываць. Ім уручылі салодкі падарунак.
Прымеркавалі да мерапрыемства і яшчэ адну знамянальную падзею. Старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі ўручыў маме пецярых дзяцей Феліцыі Гунько ордэн Маці, якім яна ўзнагароджана згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Алена Котава яшчэ раз нагадала пра юбілейныя даты 2015 года як для краіны ў цэлым, так і для нашага горада, а Леанід Лаўрыновіч выканаў песню “Браслаўшчына”, якая стала своеасаблівым гімнам нашага краю. Ён з’яўляецца аўтарам і кампазітарам гэтага музычнага твора. У многіх прысутных яна выклікала слёзы гордасці за такіх таленавітых людзей, якія творча ўсхваляюць сваю малую радзіму.
Адзначу, што канцэрт пакінуў самыя цёплыя ўражанні, закрануў самыя патаемныя стрункі душы.
Разам з вясной Вялікдзень дорыць нам любоў, веру і надзею на лепшае. Толькі пажаданні міру, дабра і шчасця гучалі ў гэты дзень. І няхай яны збываюцца.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.