Падарылі веснавы настрой

Главное

IMG_2527 (Medium)Нягледзячы на тое, што на двары пануе вясенні месяц красавік, надвор’е час ад часу пужае халодным ветрыкам, моцным дажджом, а бывае і снегам. А вось у цэнтры дзяцей і моладзі на мінулым тыдні было сонечна, весела і па-вясенняму прыгожа. А ўсё таму, што тут праходзіў конкурс “Вяснянка-браслаўчанка — 2015”.
Ён не першы год ладзіцца ў ЦДіМ і заўсёды збірае поўную залу гледачоў. Сёлета конкурс прымеркавалі да 950-годдзя г. Браслава, таму і тэма была адпаведная — “Браслаўскі цуд”. Некалькі гадзін юныя ўдзельніцы Вікторыя Мінава (Быстрымаўскі ДСБШ), Кацярына Дударонак (гімназія), Вераніка Пяткевіч (Відзаўская школа) і Яўгенія Бурачкова (СШ№1) напаўнялі залу ўстановы яркімі фарбамі, вясёлым настроем і дарылі сапраўдную вясну. Яны так стараліся, што нават сонейка за вокнамі час ад часу выглядвала з-за хмары.
Першым выпрабаваннем для дзяўчат стала візітка “Знаёмцеся — гэта я”, дзе ўдзельніцы прадстаўлялі сябе ў вобразе, які адпавядаў тэме мерапрыемства, дэманстравалі свае здольнасці, таленты. Яны спявалі, расказвалі вершы, ладзілі пастаноўкі, адным словам, на справе даказвалі, што кожная з іх годная атрымаць тытул “Вяснянка-браслаўчанка”.
На гэтым сюрпрызы ад удзельніц не скончыліся. У наступным конкурсе “У госці з пустымі рукамі не ходзяць” дзяўчаты прадстаўлялі створаныя сваімі рукамі дызайнерскія работы — сувеніры ў стылі хэнд-мэйд. Над эксклюзіўнымі работамі яны працавалі дома, таму часу прыдумаць нешта арыгінальнае было шмат. Удзельніцы здзівілі журы і гледачоў самаробным велікодным кошыкам, размаляванай у браслаўскім стылі талеркай і іншымі рэчамі, а самае галоўнае, багаццем талентаў.
Не паспела журы ацаніць самаробныя сувеніры, як канкурсанткі ўжо падрыхтаваліся да наступнага конкурсу — паказу мод. Кожная дзяўчына марыць пакарыць подыум, і ў юных удзельніц конкурсу такая магчымасць была. Спачатку яны дэманстравалі з густам падабранае адзенне для актыўнага адпачынку, які на Браслаўшчыне папулярны, а потым на справе даказалі, што любяць спорт. Затым канкурсанткі расказалі і паказалі ўборы, якія адпавядалі тэме “Мая будучая прафесія”. Так, Вікторыя Мінава бачыць сябе ў будаўнічай сферы, Кацярына Дударонак марыць пакарыць водную стыхію, таму прафесія яе будзе звязана з морам, а Вераніка Пяткевіч увогуле прымерыла пагоны. Дзяўчаты выдатна справіліся з паказам мод, а апладысменты гледачоў пацвердзілі гэта.
Тое, што ўдзельніцы конкурсу творчыя, крэатыўныя і ўмеюць выдатна трымацца на сцэне, яны даказалі. У наступным выпрабаванні арганізатары вырашылі праверыць, як добра канкурсанткі ведаюць родны край. На экране з’яўляліся карцінкі, звязаныя з жыццём, архітэктурай Браслаўшчыны і нашымі знакамітымі землякамі, а ўдзельніцы павінны былі хутка адказаць на пытанні.
Расставіць усе кропкі над “і” і вызначыць пераможцу дапамагло апошняе выпрабаванне “Здзівіце нас”. Кожная з удзельніц сама выбірала, чым будзе здзіўляць журы. Дзяўчаты гатавалі смачныя стравы, малявалі, танцавалі, чым прыводзілі ў захапленне залу.
Кожная з удзельніц была па-свойму непаўторная і годная атрымаць запаветны тутул. Але конкурс ёсць конкурс, і пераможца ў ім толькі адзін. Зачараваць журы і гасцей, падарыць вясенні настрой і стаць сапрўднай “Вяснянкай-браслаўчанкай” лепш за ўсіх удалося Вераніцы Пяткевіч з Відзаўскай школы. Але і астатнія дзяўчаты не засталіся без падарункаў, кожная з іх атрымала дыплом, апладысменты і добры настрой.

Таццяна Пятушка.