Повар — прафесія творчая

Главное

IMG_6736 (Small)Усе, хто прыйшоў у мінулую суботу ў гімназію, з задавальненнем уцягвалі у сябе прыемны водар, які насычаў паветра гэтай установы адукацыі, і са здзіўленнем пераходзілі ад аднаго ўпрыгожанага стала да другога. Упершыню тут праходзіў раённы конкурс на лепшага школьнага повара.
Андрэ Маруа сказаў: “Як жывапіс і музыка, так і кухня — мастацтва. Жывапіс зачароўвае вока, музыка — слых, а кулінарыя — смак.” Вось і сем повараў школьных сталовых — Іна Рушакова (СШ №1), Наталля Міхайловіч ( Відзаўская СШ), Алена Рубанік (СШ №2), Святлана Дзярук (гімназія), Людміла Аленчык (Опсаўскі ДССШ), Надзея Перманіцкая (Урбанскі ДССШ), Наталля Бесякірская (Кансталінская БШ) — пасля адборачнага тура сабраліся ў актавай зале гімназіі, каб зачараваць журы і прысутных сваім кулінарным майстэрствам.
Арганізатарам конкурсу выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму, але асноўная яго падрыхтоўка лягла на плечы тэхнолага Алены Галыня.
У сваім прывітальным слове начальнік аддзела Іван Абаровіч адзначыў важнасць дзейнасці школьных тэхнічных работнікаў, без якіх немагчыма на належным узроўні забяспечыць вучэбна-выхаваўчы працэс. Ён падкрэсліў, што здароўе дзяцей таксама залежыць ад майстэрства і руплівасці школьнага повара, бо галоднае дзіця веды не засвоіць. Іван Абаровіч пажадаў канкурсанткам поспеху і ўдачы.
Безумоўна, сваім школьным карміцелям дапамагалі педагогі ўстаноў адукацыі. Ды як інакш, бо ўсе разам працуюць у адзіным накірунку — імкнуцца стварыць камфортныя ўмовы для сваіх вучняў.
Першае заданне фінальнага тура — “Візітная картка”. Здаецца, што можа быць лягчэй, як расказаць пра сябе. Аднак, каб найлепш прадставіць свае станоўчыя якасці, скрытыя таленты і гэтым схіліць журы на свой бок, трэба праявіць і фантазію, і артыстычнасць.
Гэтае заданне яшчэ раз пацвердзіла, што повар — прафесія творчая, бо ўсе канкурсанткі здзівілі сваімі разнастайнымі здольнасцямі. Алена Рубанік добра спявае і вышывае крыжыкам цудоўныя карціны. Выклікала здзіўленне журы і гледачоў шыкоўнае вязанае адзенне Наталлі Бесякірскай. А яшчэ жанчына паспявае даглядаць вялікую гаспадарку і нават сама на ўласным трактары апрацоўвае зямлю. Людміла Аленчык падзялілася з гледачамі сваёй даўняй марай.
Але ж усе з нецярпеннем чакалі другі конкурс, дзе трэба было прадставіць урачыстую і пажадана незвычайную сервіроўку стала, кожны з якіх адпавядаў тэматыцы, цікава абараніць яго. Вось дзе палёту фантазіі не было межаў. Перад гледачамі за арыгінальна ўпрыгожанымі святочнымі сталамі дэманстраваліся невялікія гісторыі — рамантычныя, гістарычныя, любоўныя.
Кожны столік ўяўляў з сябе сапраўдны шэдэўр мастацкага і кулінарнага афармлення: абрусы з вэлюму, кветкавыя кампазіцыі, цудоўны дэкор, арыгінальныя стравы здзіўлялі і вабілі вока. Безумоўна, вельмі складана знайсці словы, каб апісаць прыгажосць знешняга віду і смак прадстаўленых страў. Гэта трэба бачыць і пакаштаваць.
Несумненна, перад журы, сярод якіх былі прадстаўнікі адукацыі і РЦГіЭ, стаяла вельмі складаная задача — вызначыць лепшых. І пасля доўгіх дэбатаў пераможцы былі абвешчаны.
Першае месца падзялілі Святлана Дзярук і Наталля Бесякірская. Майстрам кулінарных спраў Іне Рушаковай і Алене Рубанік прысуджана другое месца. У намінацыі “Арыгінальная страва” адзначана Наталля Міхайловіч, у намінацыі “Кулінарнае майстэрства” — Людміла Аленчык, грамату за волю да перамогі атрымала Надзея Перманіцкая.
Першая спроба поварскага конкурсу прайшла удала, захапляльна і цікава. І тыя, хто прыйшоў на яго, ніколькі не пашкадаваў, бо змог атрымаць не толькі маральнае задавальненне, а і пачарпнуць для сябе арыгінальныя кулінарныя ідэі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.