Раённы конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Мая песня ў маім сэрцы”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, адбыўся ў апошні дзень лютага ў актавай зале ЦДіМ. Педагогі па вакале працяглы час рыхтавалі да яго таленавітых юнакоў і дзяўчат, і вось у суботу на сцэну выйшлі лепшыя вакалісты Браслаўшчыны і падарылі журы і гледачам многа прыемных хвілін.
Сярод 14 удзельнікаў былі як работнікі ўстаноў культуры, так і непрафесіянальныя артысты, якія па сваёй асноўнай дзейнасці не звязаныя з музыкай, — прадстаўнікі розных арганізацый і навучальных устаноў раёна. Тым не менш нумары выконваліся на высокім узроўні.
У рамках традыцыйнага конкурсу маладых выканаўцаў упершыню праводзіўся і раённы этап Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Таму ўдзельнікі прадставілі на суд журы па дзве папулярныя кампазіцыі 1920 — 2014 гадоў: першая — грамадска-патрыятычная, другая — песня-шлягер.
Гледачы цёпла сустракалі выканаўцаў, і гэта не дзіўна, бо многія песні мінулай эпохі добра знаёмыя ўсім. І калі музычныя кампазіцыі ваеннай тэматыкі гучалі патрыятычна і велічна, з ноткамі суму, то шлягеры, прысвечаныя любові да роднай зямлі, свету чалавечых пачуццяў, былі напоўнены пранікнёнай лірыкай альбо адрозніваліся бадзёрымі танцавальнымі рытмамі.
Лепшых вызначала прадстаўнічае журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Іны Лысенка, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Паўла Сільчонка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Спірыдонавай і яе намесніка Алены Котавай, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніны Абалевіч, кіраўніка народнага ансамбля “На панадворку” Марыны Шыркевіч і хормайстра РДК Наталлі Няміра. Прычым улічваўся не толькі ўзровень выканальніцкага майстэрства, але і артыстычнасць, адпаведнасць вобраза рэпертуару. А пакуль маладыя выканаўцы з хваляваннем чакалі рашэння, для гледачоў спявалі салісты раённага Дома культуры Марына Карач, Сяргей Пінаеў і Святлана Кажапенька.
Падводзячы вынікі, старшыня журы Іна Лысенка адзначыла, што Браслаўшчына багатая на таленавітых людзей. І хоць удзельнікі конкурсу адрозніваюцца па ўзросце, занятках, у іх розныя песні, але ўсіх аб’ядноўвае тое, што кожны выканаўца спяваў натхнёна, шчыра, душой і сэрцам.
Пераможніцай раённага конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Мая песня ў маім сэрцы” стала Ангеліна Скірмант, вучаніца 10 класа Ахрэмаўскага ДССШ. Другое месца прысуджана Таццяне Крот, медыцынскай сястры дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Ксенія Фарманіцкая, вучаніца 10 класа Урбанскага ДССШ, стала трэцяй. Яны ўзнагароджаны дыпломамі і кубкамі пераможцаў.
Адборачны раённы этап Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” прынёс перамогу Ірыне Пузырэўскай, метадысту цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Другім стаў Міхаіл Героеў, тэрапеўт Браслаўскай ЦРБ. Алена Пузырэўская, медсястра працэдурнага кабінета абласной псіхіятрычнай бальніцы “Слабодка”, заняла трэцяе месца. Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункавыя сертыфікаты на 500 тыс. руб.
Пераможцы раённага конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні прымуць удзел у святочным гала-канцэрце, прысвечаным Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а прызёраў адборачнага этапа Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу чакае абласны этап. Пажадаем ім прызнання на вялікай сцэне!
Жанна Бялько.
Фота аўтара.
