Уцягнуць сучасных школьнікаў у навучальны працэс — справа даволі складаная. Таму педагогам даводзіцца быць штодзень у пастаянным творчым пошуку, у тым ліку і выкарыстоўваць у сваёй рабоце інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, прымяненне якіх дапамагае якасна змяніць змест, метады і арганізацыйныя формы навучання.
Але і настаўнікам трэба павышаць свой узровень у сферы навейшых тэхналогій. З гэтай мэтай для прадстаўнікоў устаноў адукацыі раёна ў зале пасяджэнняў РАА прайшла анлайн-канферэнцыя з супрацоўнікам маскоўскай кампаніі Intel Ганнай Шакуравай, якую арганізавала метадыст навукова-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Кацярына Сайкоўская.
Падчас віртуальнай сустрэчы педагогі пазнаёміліся з адукацыйнымі інавацыямі кампаніі, якія накіраваны на павышэнне кваліфікацыі і ўдасканаленне навучальнага працэсу, дзякуючы эфектыўнаму выкарыстанню сучасных тэхналогій.
Несумненна, без тэхнікі новага пакалення арганізаваць і правесці ўрокі на высокім узроўні немагчыма. Таму на канферэнцыю былі запрошаны спецыялісты кампаніі “Tibis”, якая займаецца рэалізацыяй камп’ютарнай і офіснай тэхнікі ў нашай краіне. Яны пазнаёмілі прысутных з камп’ютарам новага пакалення, сістэмны блок якога можна пераносіць нават у дамскай сумачцы, бо гэта прадмет памерам 12 на 12 см і таўшчынёй да 3 см. Да таго такі працэсар энергазберагальны і амаль бязгучны ў час работы.
Тут да месца ўзгадаць вядомы выраз: “Да чаго ж дайшоў прагрэс!”
Алена Пятушка.
Фота аўтара.
