Сёння нярэдка можна пачуць, што змяніўся не толькі свет, але і людзі. Маўляў, чалавек стаў эгаістычным, раўнадушным. Аднак ўсё ж спагадлівых, добрых, чулых людзей значна больш, чым тых, хто жыве па прынцыпе: мая хата з краю.
У гэтым пераканалася і пастаяліца аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Барунах Соф’я Мутар.
Усё сваё прафесійнае жыццё жанчына адпрацавала інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела ў сёння ўжо ПМК-42. Добрасумленны работнік, выдатны знаўца сваёй справы, да таго камунікабельны і шчыры чалавек, Соф’я Уладзіміраўна была заўсёды на добрым рахунку ў кіраўніцтва арганізацыі, карысталася заслужанай павагай і сярод рабочых.
Аднак на лёс жанчыны выпала нямала цяжкіх выпрабаванняў: трагічна загінуў сын, памёр ад хваробы муж, а некалькі гадоў таму назад згарэла хата.
Гаротніцу прытулілі пляменнікі. Але, як сказала сама С. Мутар, не захацела быць для іх цяжарам, таму і пераехала ў Баруны.
Не забыліся былыя калегі пра свайго ветэрана працы. Без ваганняў адгукнуліся былыя супрацоўнікі бухгалтэрыі, а таксама Багдан Чамярынскі, Павел Дзямковіч, Віталь Гаспаровіч, Агей Кастыгоў, Наталля Яфімава, , Аляксандр і Тамара Пальчэўскія на прапанову бухгалтара арганізацыі Надзеі Шчапавай сабраць грошы і купіць жанчыне тэлевізар. Сказана — зроблена.
З вялікай радасцю і ўдзячнасцю прыняла Соф’я Уладзіміраўна гэты падарунак. І зараз, уключаючы блакітны экран, яна абавязкова добрым словам узгадае сваіх былых калег.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.
